Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як ставяцца менчукі да крымінальнай адказнасьці за ўхіленьне ад арміі?


Міхал Стэльмак, Менск Сёньня ў Беларусі завяршыўся летні прызыў на абавязковую вайсковую службу. Ягоная адметнасьць у тым, што сёлета была ўзмоцнена адказнасьць за ўхіленьне ад службы. Калі раней парушальнікаў каралі адміністрацыйнымі штрафамі, то, паводле ўнесеных паправак у Крымінальны кодэкс, асобы, што ўхіляюцца ад службы, будуць прыцягвацца да крымінальнай адказнасьці. Як да гэтага ставяцца беларускія грамадзяне? Мінакоў на вуліцах Менску апытваў наш карэспандэнт.

(Спадар Алесь: ) “Правільна робяць. Косяць і косяць”.

(Спадар Ігар: ) “Правільна. Трэба такіх караць”.

(Спадар Аляксей: ) “Не. Не патрэбная крымінальная адказнасьць”.

(Спадар Іван: ) “Турмы і так перапоўненыя. Навошта ўсіх саджаць?”

(Спадарыня Алена: ) “Кожны хлопец, мужчына мусяць адбыць службу ў войску. Гэта школа жыцьця”.

(Карэспандэнт: ) “Як вы ставіцеся да таго, што ў Беларусі ўзмоцнена адказнасьць за ўхіленьне ад вайсковай службы?”

(Спадарыня Тацяна: ) “Адмоўна, таму што трэба глядзець, чаму ён ўхіляецца”.

(Спадар Зьміцер: ) “Лепей адміністрацыйная адказнасьць, чым крымінальная. Навошта калечыць жыцьцё?”

(Спадар Іван: ) “Я ўжо ўхіліўся”.

(Спадар Аляксей: ) “Трэба больш прапагандаваць вайсковую службу”.

(Спадарыня Натальля: ) “Я ня думаю, што наш прэзыдэнт да гэтага дойдзе”.

(Спадарыня Аксана: ) “Я, як маці, толькі за службу”.

(Спадарыня Ірына: ) “Насамрэч, людзі косяць ад войска ня толькі таму, што ня хочуць туды ісьці, а таму, што ёсьць сямейныя праблемы. Напрыклад, засталася цяжарная дзяўчына. І як можна за гэта садзіць у турму?”

(Спадар Віктар: ) “Наагул, адказнасьць за ўхіленьне быць павінна. У гэтым няма сумневу. Іншая справа, што гэта будзе — крымінальная, адміністрацыйная адказнасьць, альбо меры прафіляктычнага ўзьдзеяньня”.

(Спадарыня Сьвятлана: ) “Не патрэбная крымінальная адказнасьць. Хапіла б і адміністрацыйнай”.

(Спадар Віктар: ) “Відаць, гэта залежыць ад замежнапалітычнай сытуацыі. Але адказнасьць быць павінна”.

(Спадарыня Галіна: ) “А я супраць. Я не хачу служыць”.

(Спадар Антон: ) “Я таксама адмоўна стаўлюся да гэтага пытаньня”.

(Спадар Віталь: ) “А што рабіць у войску? Губляць паўтара году?”

(Спадар Міхаіл: ) “Адмоўна. У мяне шмат сяброў забралі ў войска пасьля ВНУ. Я лічу, што пасьля ВНУ, згубіўшы год на войска, цяжка будзе ўладкоўвацца на працу. Таму што час бяжыць, а мы мусім павышаць кваліфікацыю”.

(Спадар Віктар: ) “Тое, што не пагаджаюцца, гэта нармальная рэакцыя моладзі. У мяне два сыны, якія добраахвотна таксама шмат чаго ня хочуць рабіць. Тады бацькоўскі прымус”.

(Спадарыня Ірына: ) “Служба ў войску павінна быць свабодным выбарам кожнага маладога чалавека. І ўхіленьне ад яе не зьяўляецца злачынствам”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG