Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства працы прапаноўвае абмежаваць тэрмін уліку беспрацоўных


Галіна Абакунчык, Менск Міністэрства працы і сацыяльнай абароны распрацавала праект закону, паводле якога ў Беларусі афіцыйна лічыцца беспрацоўным можна будзе ня больш за тры гады. Чыноўнікі тлумачаць гэта патрэбаю дапасаваць беларускае заканадаўства да расейскага, дзе існуе такая норма. Незалежныя адмыслоўцы ж называюць прапановы Мінпрацы спробаю штучна зьменшыць праблему беспрацоўя.

У Міністэрстве працы лічаць, што многія людзі, якія стаяць на ўліку ў службе занятасьці, сьвядома не жадаюць працаўладкоўвацца. Кіраўнік управы міністэрства Мікалай Коханаў кажа, што сустракаюцца сталыя наведнікі службаў занятасьці са “стажам беспрацоўя” да дзевяці гадоў.

(Коханаў: ) “Чалавек сабраўся ўсё жыцьцё ў службе занятасьці стаяць? За тры гады чалавек можа свой лёс вырашыць? Дык чаго ў службе занятасьці стаяць? Працы няма? Ці ня хоча працаваць?”

Паводле спадара Коханава, сёньня на ўліку беспрацоўя зарэгістраваныя 74 тысячы чалавек, а колькасьць незанятых працоўных месцаў — 45 тысяч. Таму зь меркаваньнем, што людзі наўмысна не жадаюць працаўладкоўвацца, самі беспрацоўныя не пагаджаюцца. Гавораць наведнікі аддзелу занятасьці Першамайскага раёну сталіцы:

(Спадарыня: ) “Праца — гэта твой значны адрэзак жыцьця, гэта, як дом. І таму чалавеку трэба даць свабоду пошуку. Хоча ён тры гады шукаць ці больш — няхай шукае”.

(Спадар: ) “Я б не сказаў, што людзі ня хочуць працаваць. Але працаваць так, каб і па спэцыяльнасьці, і каб да душы было, і каб нармальны заробак”.

(Спадарыня: ) “Так абставіны складваюцца, што я не магу: то дзіця, то мужык хварэе. І я не магу быць на працы шэсьць ці восем гадзінаў. А таму шукаю працу доўга і лічу, што гэтага тэрміну абмяжоўваць ня варта. Бо нават тыя колькі тысяч іншы раз вельмі дарэчы, бо бывае нават так, што і хлеба няма за што купіць”.

Паводле дзейнага заканадаўства, максымальны тэрмін грашовых выплатаў на беспрацоўе доўжыцца 24 месяцы цягам трох гадоў. Сярэдні памер выплаты складае 37 тысяч рублёў. Таму прапановы абмежаваць тэрмін уліку беспрацоўных маюць палітычна-эканамічныя прычыны, кажа лідэр Свабоднага прафсаюзу Беларусі Генадзь Быкаў.

(Быкаў: ) “Чыноўнікі хочуць зрабіць так, каб па-першае, гэтыя мізэрныя грошы людзям не плаціць. А па-другое, у нас жа ёсьць галоўнакамандуючы, які ўсе дырэктывы раздае. Відаць, ёсьць дырэктыва беспрацоўе ў краіне зьнізіць яшчэ. А насамрэч, вялікая колькасьць людзей не становіцца ні на які ўлік. Яны жывуць хатняй гаспадаркай, падпрацоўваюць і неяк выкручваюцца. І мне падаецца, што напраўду колькасьць беспрацоўных у Беларусі нашмат большая, чым пра гэта кажуць афіцыйна”.

Як паведамілі ў Міністэрстве працы і сацыяльнай абароны, законапраект, які прадугледжвае абмежаваньне тэрміну ўліку беспрацоўных, перададзены на разгляд Палаты прадстаўнікоў.
XS
SM
MD
LG