Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Рэдактар "Прессбола": “Працэдура апісваньня маёмасьці нагадвала ператрус”


Ігар Карней, Менск Паводле рашэньня суду Цэнтральнага раёну Менску, у галоўнага рэдактара спартовай газэты “Прессбол” Уладзімера Беражкова 19 ліпеня была апісаная маёмасьць. Прычым, гэта другі раз за апошнія месяцы. Уладзімер Беражкоў павінен выплаціць міністру фінансаў і кіраўніку Беларускай фэдэрацыі гімнастыкі Мікалаю Корбуту 10 мільёнаў рублёў. Рэдактар “Прессбола” кажа, што апісваньне маёмасьці больш нагадвала ператрус і мела за мэту прынізіць яго як чалавека.

Згодна з рашэньнем суду, міністар фінансаў, ён жа старшыня Беларускай фэдэрацыі гімнастыкі Мікалай Корбут, ужо атрымаў ад газэты “Прессбол” каля 15 тысяч даляраў. Блізу 5 тысяч даляраў мусіць выплаціць чыноўніку асабіста галоўны рэдактар Уладзімер Беражкоў. Спадар Беражкоў кажа, што такіх грошай ня мае.

(Беражкоў: ) “Я ім сказаў: у мяне няма грошай. Я нядаўна перанёс у Нямеччыне апэрацыю, яна каштавала грошай. Цяпер увесь у даўгах, сябры мне, уласна кажучы, дапамаглі гэтую апэрацыю зрабіць. Я ім кажу: “Накіроўвайце на працу выканаўчы ліст — што вы ад мяне хочаце?” А яны адказваюць: “Як мы можам у вас праз выканаўчы ліст садраць такую суму, калі вы атрымліваеце так мала грошай?” Я гавару: “А хто такія сумы прызначае? Якія разумныя суды такія сумы прысуджаюць? Вы думалі, калі прысуджалі мне такі штраф, адкуль я яго вазьму? Я журналіст, а не Ракфэлер”.

Падставай для судовай справы стаў артыкул, надрукаваны летась у “Прессболе” пад загалоўкам “У намесьніках міністра фінансаў ходзіць чалавек, якога шукае Інтэрпол за ўдзел у арганізаванай злачыннай групоўцы”. Гаворка ішла пра грамадзяніна Расеі Андрэя Іманалі, якому праблемы з расейскай міліцыяй не перашкодзілі заняць месца намесьніка старшыні Беларускай фэдэрацыі гімнастыкі Мікалая Корбута. Праўда, памылку ў рэдакцыі зразумелі позна: да Міністэрства фінансаў Іманалі ніякага дачыненьня ня меў. Тым часам Корбут запатрабаваў матэрыяльную кампэнсацыю за абразу дзелавой рэпутацыі — амаль 50 тысяч даляраў. Суд патрабаваньні міністра задаволіў часткова, прысудзіўшы 30 мільёнаў рублёў рэдакцыі газэты і 10 мільёнаў рэдактару.

Газэта зь міністрам расплацілася, а ў Беражкова неабходнай сумы не знайшлося. Тады ў Беражкова пачалі апісваць маёмасьць.

(Беражкоў: ) “Я лічу, што гэта чысты ціск. Ніякай неабходнасьці ў паўторным апісваньні маёмасьці не было. Проста ім трэба было прынізіць чалавека, абразіць, паказаць, што ты нічога ня варты, мы, маўляў, цябе раздушым. Гэтая працэдура ўвогуле нагадвала ператрус, вышук: калі да цябе прыходзяць чужыя дзядзькі і пачынаюць у тваёй кватэры ўсё падымаць, шукаць, што ў цябе ёсьць, і ўсё гэта перапісваць — нейкія старыя чайнікі, паламаныя крэслы. Пачынаюць ламаць камэдыю: “Ну, колькі гэты стол каштуе? Тысяч 20 каштуе. А карціна на сьцяне вісіць? Чорт яго ведае, можа яна тысячу даляраў каштуе, а можа і нічога”. Іншымі словамі, ніхто нічога ня ведае, але з разумным выглядам стаяць і абмяркоўваюць. Так усё агідна. Таму перакананы, што гэта спроба ўціску”.

Андрэй Іманалі, які гэтак жа нечакана, як і зьявіўся, зьнік зь Беларусі, у красавіку быў арыштаваны ў Кіеве, дзе жыў пад імем Андрэй Родзін. Уладзімер Беражкоў кажа, што гісторыя Іманалі скончылася цалкам лягічна, аднак на беларускі суд ніякага ўражаньня гэта не зрабіла.

(Беражкоў: ) “Яму прад’явілі абвінавачаньне і ўжо этапавалі ў Растоў. Ніхто ў ягонай датычнасьці да крыміналу не сумняваўся, ніхто гэтага не адмаўляў, ніхто не абверг. Усе ведаюць, што гэта так насамрэч. Але ўсе гуляюць у такую вось дурную гульню”.

У 2001 годзе пракуратура Растоўскай вобласьці распачала крымінальную справу ў дачыненьні да Іманалі паводле фактаў выкраданьня людзей.
XS
SM
MD
LG