Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Не хапай тую плотку, што ня лезе ў глотку


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Прыказка гэтая, на першы погляд, адрасаваная кату Базылю.

Між тым да такога папярэджаньня варта прыслухацца й людзям, прагным набіць вальляк у прамым і ўскосным сэнсах. Асьфіксія ў выніку глытаньня вялізных кавалкаў еміны – пашыраная ў мэдычнай практыцы зьява. Добра памятаю, якім шокам для ўсіх аматараў спорту была сьмерць папулярнага спартыўнага камэнтатара, якая надарылася пры канцы 1970-х. Камэнтатар падавіўся ў ленінградзкай рэстарацыі кавалкам шашлыку, і хаця падпітыя сябрукі доўга білі яго па карку, а потым кінуліся выклікаць “хуткую дапамогу”, у этэры зорка спартовай журналістыкі больш не зьявілася.

Падобны ж вусьцішны выпадак надарыўся колісь на маіх вачох. Было гэта ў дзяцінстве. Аднойчы я выйшаў у двор зь вялікай папяроўкай у руцэ. Да мяне адразу ж падбег Сява – хлопец з суседняга пад’езду – і папрасіў куснуць яблык. Па нашай тадышняй завядзёнцы куснуць можна было столькі, колькі ўлезе ў рот. Сусед з жадобы так куснуў, што папяроўка захрасла ў роце, і Сява, выгаліўшы вочы, схапіўся за пашчэнкі. Небарака ўраз счырванеў і з-пад ніжніх павекаў сталі ўздымацца дробныя бурбалкі. Усе, хто быў у двары, зьбегліся да Сявы. Спачатку сталі трушчыць яблык адкруткай, потым сьцізорыкам. Сябрука мы, на шчасьце, уратавалі, адно парэзалі губу.

Яшчэ больш вусьцішныя рэчы здараюцца, калі якая імпэрыя спрабуе праглынуць чужыя тэрыторыі, а яны аніяк ня лезуць у глотку. Вось жа на Паўночным Каўказе расейцы ўжо два стагодзьдзі, з крывавымі бурбалкамі ўваччу, ваююць з чачэнцамі, а канца тым закалотам няма. Застаецца толькі чакаць зьяўленьня новага Майсея, які на сваіх табліцах напіша сьвятую мудрагель: не хапай тую плотку, што ня лезе ў глотку.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG