Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Магілёве сапсаваны Чарнобыльскі крыж


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў Мэталічны крыж, які ўсталяваны ў Магілёве памяці ахвярам Чарнобылю, невядомыя сагнулі да зямлі. Для аднаўленьня памятнага знака патрэбная тэхніка, апазыцыйныя актывісты рыхтуюцца правесьці тут талаку.

Сябры БНФ і сацыял-дэмакраты просяць улады расьсьледаваць гэтае здарэньне.

Мэталічны крыж, які быў усталяваны памяці ахвярам Чарнобылю ў магілёўскім раёне Задняпроўе, невядомыя сагнулі да зямлі. Найверагодней, лічаць дэмакраты, зрабілі гэта з дапамогай аўтамабільнага тросу. Цяпер для выпраўленьня крыжа патрэбная тэхніка, падняць яго рукамі немагчыма.

Чарнобыльскі крыж магілёўскія дэмакраты паставілі да 10-годзьдзя аварыі на ўзгорку ля Лаўсанаўскіх могілак, дзе пахаваныя людзі, якія пацярпелі ад радыяцыйнай навалы. Вандалы двойчы ці тройчы зьнішчалі драўляны крыж, аднак два гады таму паставілі новы знак — мэталічны, надзейна зацэмэнтаваны, з гранітнай плітой “Вечная памяць ахвярам Чарнобылю”. Аднак цяпер паспрабавалі зьнішчыць і яго.

Вось што сказаў лідэр Магілёўскай абласной арганізацыі Партыі БНФ Рыгор Кастусёў:

(Кастусёў: ) “Штогод 26 красавіка прадстаўнікі дэмакратычных арганізацыяў, партыяў зьбіраліся там, каб памянуць ахвяраў Чарнобылю. Ён быў аб’яднаўчым сымбалем для прадстаўнікоў партыяў. І гэты сымбаль пастараліся зьнішчыць. Я так лічу”.

Рыгор Кастусёў і прадстаўнік магілёўскіх сацыял-дэмакратаў Павал Усаў зьвярнуліся з заявай у адміністрацыю Кастрычніцкага раёну. Яны просяць разабрацца, хто і зь якіх прычынаў паспрабаваў зьнішчыць чарнобыльскі крыж і, калі ёсьць магчымасьць, дапамагчы аднаўленьню памятнага знака.

Намесьніца кіраўніка адміністрацыі ў ідэалягічных справах Натальля Халецкая паведаміла, што ўлады пакуль ня высьветлілі, хто паспрабаваў зьнішчыць памятны знак, затое разабраліся, што Чарнобыльскі крыж дэмакраты ўсталявалі незаконна, бо ня мелі на гэта ні дазволу мясцовых уладаў, ні згоды архітэктараў.

А магілёўскія дэмакраты тым часам рыхтуюцца да талакі, каб аднавіць Чарнобыльскі крыж у Задняпроўі.
XS
SM
MD
LG