Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зь Міністэрствам аховы здароўя судзяцца тры прыватныя мэдычныя кампаніі


Галіна Абакунчык, Менск У Вышэйшым гаспадарчым судзе Беларусі прайшлі папярэднія слуханьні ў справе судовага пазову недзяржаўнага мэдычнага цэнтру “Нардзін” да Міністэрства аховы здароўя. Кіраўніцтва прыватнай кампаніі просіць прызнаць неабгрунтаваным рашэньне міністэрства аб пазбаўленьні “Нардзіна” ліцэнзіі на права мэдычнай дзейнасьці. Падставай для гэтага сталася, нібыта, парушэньне ліцэнзійнай дзейнасьці ў частцы несвоечасовай пераатэстацыі некаторых спэцыялістаў-мэдыкаў.

Працэдура папярэдніх судовых слуханьняў прадугледжвае магчымасьць паразуменьня ўдзельнікаў канфлікту, каб не даводзіць справу да суду. Але ў выпадку з “Нардзінам” па-сутнасьці напаўфармальная працэдура доўжылася больш за тры гадзіны. Вось як гэта камэнтуе прадстаўніца кампаніі Вольга Каранеўская.

(Каранеўская: ) "Дастаткова доўга йшло паседжаньне. Вы ж самі разумееце чаму – ўзважваліся ўсе “за” і “супраць”, разглядаліся дакумэнты".

Гэткім чынам, чаканага замірэньня не адбылося. Першае судовае паседжаньне у справе прыватнай кампаніі “Нардзін” супраць Міністэрства аховы здароўя ў Вярхоўным судзе адбудзецца 22 ліпеня.

Як вядома з афіцыйных крыніцаў, толькі сёлета Міністэрства аховы здароўя паводле розных прычынаў анулявала 23 ліцэнзіі. Частка сярод гэтых прадпрыемстваў цалкам прыватныя, ёсьць беларуска-амэрыканскія й іншыя так званыя СП. Некаторыя зь іх заснаваныя на базе дзяржаўных установаў, а таму й да пазбаўленьня ліцэнзіяў яны паставіліся па-рознаму. Да прыкладу, у сумесным закрытым акцыянэрным таварыстве “Белфарм” адмовіліся размаўляць на гэтую тэму. Ніякіх камэнтароў не даюць таксама ў іншых структурах. Але некаторыя прыватныя кампаніі не пагаджаюцца з выстаўленымі міністэрствам абвінавачаньнямі й спрабуюць давесьці сваю праўдзівасьць у судзе.

Апрача вядомых ужо “Нардзіна” й “Экамэдсэрвісу” зь Міністэрствам аховы здароўя судзіцца таксама прадпрыемства “Аптымэд”. Ліцэнзія гэтай кампаніі была зьліквідаваная з тых жа прычынаў, што й калегаў – за парушэньне патрабаваньняў у справе адпаведнай кваліфікацыі спэцыялістаў. Пры гэтым самое міністэрства палічыла для сябе магчымым парушыць працэдуру ануляваньня ліцэнзіі, – кажа галоўны лекар “Аптымэду” Тацяна Галіноўская.

(Галіноўская: ) "Ні папярэджаньня мы не атрымалі, ні дырэктара не запрасілі на калегію міністэрства, бо калі анулёўваюць ліцэнзію, то мусяць запрашаць кіраўніцтва кампаніі. Па пошце атрымалі гэтае паведамленьне, прычым, праз тыдзень пасьля таго, як гэта адбылося. Гэта значыць, што мы працягвалі працаваць, ня ведаючы пра тое, што нас пазбавілі ліцэнзіі на мэдычную дзейнасьць. У нашых спэцыялістаў дастаткова высокая кваліфікацыя. Перад гэтым была праверка з боку міністэрства, і яны нам выдалі даведку аб гэтым. І мы не разумеем, чаму неўзабаве нас пазбавілі ліцэнзіі. А таму мы спадзяемся, што суд нас апраўдае і дазволіць далей дзейнічаць".

Паводле спадарыні Галіноўскай, як і ў выпадку з “Экамэдсэрвісам” Вышэйшы гаспадарчы суд прыпыніў разгляд пазову і запатрабаваў ад Міністэрства аховы здароўя дадатковых тлумачэньняў. А паколькі яшчэ раней было прыпынена рашэньне аб ануляваньні ліцэнзіі, то “Аптымэд” таксама працягвае працаваць у звычайным рэжыме.

У сытуацыі з прыватнымі мэдычнымі цэнтрамі спэцыялісты акцэнтуюць увагу на эканамічных разьліках уладаў, таксама бачаць тут палітычны перасьлед недзяржаўных структураў. Вось меркаваньне эканаміста Леаніда Злотнікава.

(Злотнікаў: ) "За гэтым стаіць і эканоміка, і палітыка. Таму што ўсё, што непадкантрольна дзяржаве, усё, што дае прыбытак прыватным асобам – усё гэта ня церпіцца. І пакрысе ідзе такая паўзучая нацыяналізацыя. Гэта па-першае. А па-другое, вось гэтыя платныя паслугі яны мяркуюць перадаць у дзяржаўныя паліклінікі. Гэта, так бы мовіць, перадзел фінансавых патокаў. Гэтыя грошы, якія можна ўзяць у кліентаў, улады хочуць браць у дзяржаўных паліклініках".

Нагадаю, што міністар аховы здароўя Людміла Пастаялка падчас сваіх выступленьняў неаднойчы заяўляла, што мяркуецца распачаць стварэньне сеткі дзяржаўных мэдычных цэнтраў, абслугоўваньне ў якіх будзе цалкам платнае.
XS
SM
MD
LG