Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За месяц на Берасьцейшчыне зьнікла больш за 50 чалавек


Сьвятлана Курс, Менск Агляд прэсы за 20 ліпеня 2005 г.

“Народная воля” друкуе дыскусію наконт скасаваньня сьмяротнай кары ў Беларусі. Найвышэйшыя чыноўнікі выказваюць сваю думку на гэты конт у матэрыяле Віктара Дзямідава. Пад рубрыкай “Актуальны камэнтар” Анатоль Лябедзька аналізуе інтэрвію А.Лукашэнкі расейскаму каналу ТВЦ.

“Брестская газета” дае слова абураным берасьцейцам, зь якіх зьбіраюць грошы на рамонт пад’ездаў. У той жа час выплаты на камунальнае і тэхнічнае абслугоўваньне дамоў увесь час растуць. Куды ідуць нашыя грошы? – цікавяцца берасьцейцы. Газэта піша, што наркотыкі прадаюць ня толькі ў мястэчках, але ўжо і ў вёсках. Днямі жыхар в. Ляжыткавічы Драгічынскага раёну спрадаў жыхару Кобрына 2,5 кг марыхуаны. За месяц працы ў Берасьцейскае бюро няшчасных выпадкаў зьвярнуліся з заяваю аб зьнікненьні блізкіх зьвярнуліся ажно 63 жыхары Берасьцейшчыны, 11 чалавек удалося знайсьці. За мінулы ўік-энд на Берасьцейшчыне патанула 8 чалавек, паведамляе “Брестская газета”.

Сьветлагорскі тыднёвік “Ранак +" піша пра гарачы футбольны матч паміж зьмяшанай камандай палаты Прадстаўнікоў і Савету міністраў і камандай сьветлагорскага чынавенства. Менскімі гасьцямі кіраваў сьпікер ПП НС Уладзімер Канаплёў, а ў камандзе сьветлагорцаў вылучыўся мясцовы пракурор. Перамаглі менчукі. У іншым артыкуле газэта распавядае пра вялізную колькасьць сьмецьця, што сабралася на берагох Бярэзіны. Мясцовыя камунальнікі сьмецьця не вывозяць, спасылаючыся на адсутнасьць сродкаў.

Матэрыялы сёньняшняга “Бабруйскага кур’еру” прэзэнтуе журналіст Віктар Качан.

(Качан: ) “У сувязі з тым, што “Дажынкі-2006” пройдуць у Бабруйску, у нас інтэрвію з намесьнікам старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Анатолем Глазам – ці зможа горад правесьці сьвята, ці зьменіцца інфраструктура. Друкуем рэпартаж зь пляжу – там больш травы, чым пяску, няма чым падсілкавацца тым, хто прыйшоў адпачыць да Бярэзіны. Утапілася за гэты сэзон 5 чалавек. Выратавальнікам даводзіцца купляць бэнзын самім, зарабляць на яго перавозам людзей па Бярэзіне, у іх самы новы аквалянг – 1979 г. выпуску. Летась мы таксама рабілі такі матэрыял, але нічога не зьмянілася. Летась выратавальнікі зарабілі 10 млн. рублёў, а горад аддаў ім толькі 2. І амаль усе гэтыя грошы пайшлі на ўстаноўку тэлефону. У іх нават тэлефону не было раней”.
XS
SM
MD
LG