Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пра што будуць гаварыць Пуцін і Лукашэнка ў Маскве?


Алесь Дашчынскі, Менск На запрашэньне расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна з 20 па 21 ліпеня кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка наведае Расею з рабочым візытам. Ці будзе расейскі кіраўнік пад час перамоваў падымаць тэму парушэньня правоў чалавека ў Беларусі? Гэта высьвятляў наш карэспандэнт.

Афіцыйныя крыніцы вельмі коратка паведамляюць пра плянаваны візыт. Сказана толькі пра тое, што адбудуцца перамовы Лукашэнкі з Пуціным, а таксама наведваньне прадпрыемства ракетна-касьмічнай галіны.

Кіраўнік прэзыдэнцкай прэсавай службы Павел Лёгкі:

(Лёгкі: ) “Візыт плянаваўся, прапрацоўваўся. Ёсьць пытаньні, якія я цяпер проста не хачу раскрываць і абмяркоўваць. Будуць вынікі візыту паведамім, раскажам.”

У прэсавай службе расейскага прэзыдэнта паведамілі, што прадугледжваюцца абмеркаваньне комплексу двухбаковых адносінаў. Ці будуць з расейскага боку паднятыя пытаньні парушэньня правоў чалавека ў Беларусі? На гэтае пытаньне прадстаўнік прэсавай службы прэзыдэнта Пуціна Аляксандар Сьмірноў нічога не паведаміў.

(Смірноў: ) “Я не гатовы адказаць на гэтае пытаньне. Ня ведаю”.

Дэпутат расейскай дзярждумы Канстанцін Затулін лічыць, што сам па сабе любы прыезд Лукашэнкі ў Расею не зьяўляецца сэнсацыяй, бо ў Расеі да яго іншае стаўленьне, чым на Захадзе, куды ён ня мае магчымасьці патрапіць. Ці магчыма, што прэзыдэнт Пуцін падыме тэму правоў чалавека?

(Затулін: ) “Я не выключаю, што нейкія пытаньні такога тыпу могуць абмяркоўвацца на сустрэчах паміж Пуціным і Лукашэнкам. У нас ёсьць ня толькі гэтыя пытаньні ва ўзаемаадносінах зь Беларусьсю, таму нікога не павінна зьдзіўляць, што мы не зводзім усе праблемы ўзаемаадносінаў з Беларусьсю да пытаньняў парушэньня правоў чалавека. На Захадзе няма іншых тэмаў адносна Беларусі на сёньня публічна, акрамя правоў чалавека. У нас з Захадам тут розная сытуацыя.”

Гэта было меркаваньне расейскага дэпутата Канстанціна Затуліна. Сябра грамадзкай расейска-беларускай праваабарончай камісіі Савета пры прэзыдэнце Расеі ў спрыяньні разьвіцьцю грамадзянскай супольнасьці і правах чалавека, кіраўніцу Маскоўскай Хэльсынскай групы Людмілу Аляксееву бянтэжыць той факт, што ў Расеі прымаюць кіраўніка Беларусі. Але ці спадзяецца спадарыня Аляксеева, што пытаньні парушэньня правоў чалавека ў Беларусі будуць паднятыя пад час перамоваў?

(Аляксеева: ) “Мы ўвесь час на гэтым настойваем, каб наш прэзыдэнт, урад і нашы парлямэнтары абмяркоўвалі гэтыя пытаньні зь Беларусьсю, таму што ў Беларусі сытуацыя горшая, чым у нас. Але наагул у нашых лідэраў ня вельмі многа маральнага права абмяркоўваць такія пытаньні, бо да іх саміх у праваабаронцаў многа прэтэнзій. Але я хачу спадзявацца, што гэтае пытаньне будзе падымацца, таму што сябры прэзыдэнцкага Савета гаварылі пра такую неабходнасьць. Але я не магу пахваліцца, што прэзыдэнт Пуцін прыслухоўваецца да ўсіх нашых парадаў. На жаль, зь дзесяці – дзьве-тры выконваюцца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG