Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Урад Джыбуці дэпартаваў на радзіму двух этыёпскіх пілётаў


Алена Струвэ, Менск Толькі што мы атрымалі паведамленьне: урад Джыбуці выдаў Этыёпіі двух пілётаў, якія папрасілі ў гэтае краіне палітычнага прытулку. Напярэдадні да кіраўніцтва гэтай афрыканскай краіны ды кіраўніцтва Беларусі з просьбай не выдаваць лётчыкаў зьвярнуліся этыёпскія праваабаронцы. Яны зьвярталі ўвагу беларускага і джыбуційскага ўрадаў на тое, што цяпер у Этыёпіі пануе дыктатура, гінуць нявінныя людзі, сьмяротнае пакараньне пагражае ў тым ліку і лётчыкам у выпадку іхнай дэпартацыі.

Праваабаронцы заклікалі кіраўніцтва абедзьвюх краінаў– Беларусі і Джыбуці – да разуменьня ўсёй складанасьці сытуацыі, да павагі да правоў прыгнечаных людзей, да садзейнічаньня ў справе выратаваньня жыцьцяў пілётаў.

Тым часам, паводле інфармацыі брытанскай тэлерадыёкампаніі Бі-Бі-Сі, урад Джыбуці заявіў, што два этыёпскія пілёты, якія дэзыртавалі ў гэтую краіну ў чэрвені, дэпартаваныя на радзіму. Паводле джыбуційскага боку, гэта было рашэньнем саміх лётчыкаў. Тым часам, трэці сябра экіпажу-бортінжынер не захацеў вяртацца на радзіму, а таму ўсё яшчэ застаецца ў Джыбуці.

Бі-Бі-Сі перадае таксама, што з гэтае нагоды Камітэт у справах уцекачоў ААН выказаў заклапочанасьць, што этыёпскія пілёты маглі быць дэпартаваныя дадому супраць іхнай волі. Ня выключана, што там ім можа быць выстаўленае абвінавачваньне ў здрадзе радзіме і пілёты, такім чынам, будуць пакараныя сьмерцю.

Гл. таксама • Які лёс этыёпскіх пілётаў, што папрасілі палітычнага прытулку ў Беларусі? • Праваабаронцы з Адыс-Абэбы напісалі ліст у Беларусь

Перадаецца таксама, што Вярхоўны камісарыят ААН зьвяртаўся зь лістом да кіраўніцтва краінаў, дзе папрасілі прытулку этыёпскія пілёты з просьбай дапамагчы ўцекачам атрымаць прытулак.
XS
SM
MD
LG