Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прафэсар Тэры Бэш: “У Беларусі — пачатак вялікай чысткі замежных грамадзянаў”


Альгерд Невяроўскі, Менск Амэрыканскі прафэсар Тэры Бэш, які два гады працаваў у Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце, мусіць 20 ліпеня пакінуць тэрыторыю Беларусі. Беларускія ўлады адмовіліся працягваць яму візу. Тэры Бэш гаворыць, што ўжо даўно пачаў адчуваць увагу спэцслужбаў да сваёй пэрсоны і лічыць сваё выдаленьне зь Беларусі палітычна матываваным.

Я сустрэўся з прафэсарам Тэры Бэшам у цэнтры Менску перад ягоным візытам у АВІР. 15 ліпеня ўлады адмовіліся працягнуць ягоную беларускую візу, і цяпер ён разам са сваімі дочкамі 10 і 13 гадоў павінен пакінуць Беларусь. У інтэрвію беларускай “Свабодзе” Тэры Бэш сказаў:

(Бэш: ) “Два гады я быў у Рэспубліцы Беларусь, выкладаў бізнэс і права. А таксама я прэзэнтаваў болей за 40 тысяч кніжак дзецям гэтай краіны. Гэта вельмі балюча для мяне — пакідаць гэтую краіну, бачыць, як мае ўласныя дзеці плачуць, бо яны баяцца, што нас могуць арыштаваць улады гэтай краіны”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, як вы даведаліся пра тое, што вашая віза ануляваная і што беларускія ўлады патрабуюць, каб вы пакінулі тэрыторыю Беларусі?”

(Бэш: ) “Больш за два месяцы ўлады гэтай краіны адмаўляліся даць адказ БДУ наконт статусу маёй візы і рэгістрацыі. І толькі ў мінулую пятніцу яны паведамілі ўнівэрсытэту, што мне будзе адмоўлена ў візе. І фактычна яны загадалі мне пакінуць краіну той самай ноччу на працягу некалькі гадзінаў”.

(Карэспандэнт: ) “А як адрэагавалі вашыя калегі, студэнты, калі даведаліся, што вас дэпартуюць з тэрыторыі Беларусі?”

(Бэш: ) “Апошнія дні я да глыбіні душы быў крануты цёплым стаўленьнем з боку маіх студэнтаў, калегаў і нават сакратарыяту ўнівэрсытэту, якія вельмі шкадавалі, што ўлады так дзейнічаюць у адносінах да мяне і маёй сям’і”.

(Карэспандэнт: ) “Скажыце, падчас тых двух гадоў знаходжаньня ў Беларусі, ці адчувалі вы на сабе нейкую пільную ўвагу спэцслужбаў?”

(Бэш: ) “Так. Было паступовае пагаршэньне сытуацыі ўнутры Дзяржаўнага ўнівэрсытэту з таго часу, як ва ўнівэрсытэце зьявіўся новы рэктар. На маю думку, узмацнілася палітызацыя навучальнага працэсу, чаго ўвогуле раней не было”, — сказаў спадар Тэры Бэш.

А вось што думае амэрыканскі прафэсар наконт прычыны адмовы беларускіх уладаў працягнуць яму візу:

(Бэш: ) “Я павінен сказаць вам праўду, што ўвесь час стараўся пазьбегнуць таго, што нават гучыць як палітычнае. Я сапраўды ня ведаю імёнаў апазыцыйных лідэраў гэтай краіны, я ніколі не выступаў з нагоды нейкіх палітычных падзеяў. Я сапраўды не магу даць нейкіх камэнтароў наконт палітычнай сытуацыі ў гэтай краіне. Сёньня — пачатак вялікай чысткі замежнікаў у Рэспуліцы Беларусь, бо беларускі прэзыдэнт чакае прэзыдэнцкіх выбараў у наступным годзе”.

Спадар Бэш зьбіраецца пакінуць Беларусь 20 ліпеня.

(Бэш: ) “Цяпер мы знаходзімся побач з будынкам, дзе мне выдадуць візу на выезд. І я спадзяюся, што мне дазволяць пакінуць гэтую краіну мірна, без усялякіх нападаў з боку улады. На працягу ўсяго гэтага працэсу мяне вельмі непакоіць бясьпека маіх дзяцей”.

ЗАМЕЖНЫЯ ГРАМАДЗЯНЕ, ВЫДАЛЕНЫЯ ЗЬ БЕЛАРУСІ ПАВОДЛЕ ПАЛІТЫЧНЫХ МАТЫВАЎ

1995 – лідэр польскай «Салідарнасьці» Марыюш Кшаклеўскі

1996 – група актывістаў украінскай арганізацыі УНА-УНСО

1997 – карэспандэнт НТВ Аляксандар Ступнікаў

1997 – карэспандэнт ОРТ Уладзімер Фашэнка

1997 – кіраўнік Беларускага аддзяленьня Фонда Сораса Пітэр Бэрн

2001 – першы сакратар амбасады ЗША Серж Аляксандраў

2001 – Робэрт Філдынг, супрацоўнік Цэнтру салідарнасьці Амэрыканскай федэрацыі працы – Кангрэсу прамысловых прафсаюзаў

2001 – супрацоўнік Беларускага цэнтру чэскага гуманітарнага фонду «Людзі ў бядзе» Міхал Плавец

2002 – лідэр СПС Барыс Нямцоў

2003– сябры крыла “Маладыя сацыялісты” СДП Нямеччыны Ян Буш і Штэфан Кэмэрлінг

2003 – дарадца віцэ-прэм’ера Польшчы Катажына Матушэўская

2003 – карэспандэнт НТВ Павал Селін

2004 – брытанскі вучоны Алан Флаўэрс

2004 – украінскі журналіст Міхаіл Падаляк

2004 – ваенны аташэ польскай амбасады Казімеж Віташчык

2005 – пяцёра актывістаў украінскай моладзевай арганізацыі «Нацыянальны альянс»

2005 – чэскі дыплямат Павал Кжываглаў

2005 – польскія дыпляматы Марэк Буцька і Анджэй Бучак
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG