Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валеры Шчукін патрабуе зменаў у Выбарчым кодэксе


Міхал Стэльмак, Менск У электронных сродках масавай інфармацыі зьявіўся праект Выбарчага кодэксу, распрацаваны дэпутатам Вярхоўнага Савету 13-га скліканьня, праваабаронцам Валерам Шчукіным.

Паводле аўтара, цяперашні Выбарчы кодэкс дзейнічае ў Беларусі ад 2000 году і за гэты час сьцьвярдзіў сябе як дакумэнт недэмакратычнай дзяржавы. У адпаведнасьці зь ім у краіне адбыліся чатыры выбарчыя кампаніі, вынікі якіх не прызнаныя міжнароднай супольнасьцю. Наперадзе – прэзыдэнцкія выбары 2006 году. І таму, як зазначыў Валеры Шчукін, калі будзе захаваны цяперашні кодэкс, то прадпісаныя ім нормы дазваляюць Аляксандру Лукашэнку атрымаць на выбарах тыя вынікі, якія ён пажадае:

(Шчукін: ) “Па гэтым кодэксе выбары праводзіць нельга, таму што вынікі выбараў вядомыя загадзя. Чарговая “элегантная” перамога. 80 працэнтаў прагаласуе за Лукашэнку. І нават, калі Лукашэнка сыдзе, альбо калі сыдзе Ярмошына, то цяперашняя ўлада атрымае “элегантную” перамогу. Я не мяняю кодэкс, а прапаную ўнесьці зьмены. Зьмены па назіральніках, па камісіях. Трэба, каб была магчымасьць абскарджваць любое дзеяньне і камісіі, і ўлады. Далей, зьмены па падліку галасоў. Таму што трэба мяняць усе камісіі. У цяперашнім кодэксе фармаваньне камісій робяць улады. А ў маім – саветы і камісіі. Участковую камісіі стварае не выканкам, а акруговая камісія. Інакш кажучы, улады цалкам выключаюцца з гэтага працэсу. Ніводнага сябра камісіі ад улады быць не павінна”.

Спадар Шчукін дасылаў свой праект Выбарчага кодэксу ў Цэнтрвыбаркам. І атрымаў адтуль афіцыйны адказ, у якім кіраўніцтва Цэнтральнай камісіі па выбарах і рэфэрэндумах заявіла, што дзеючае выбарчае заканадаўства Беларусі забясьпечвае правядзеньне свабодных і дэмакратычных выбараў і не мае патрэбы ў канцэптуальных зьменах. Тое, што праект Выбарчага кодэксу Валеры Шчукіна, насамрэч, вядомы Цэнтрвыбаркаму, пацьвердзілі мне яго супрацоўнікі. Аднак прычыну адхіленьня сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік назваў іншую:

(Лазавік: ) “Магу сказаць, што ўнясеньне зьменаў і дапаўненьняў у законы не ўваходзіць у кампэтэнцыю Цэнтрвыбаркаму. Гэта – прарэгатыва парлямэнту. Трэба дасылаць таму, хто мае права прымаць гэтыя прапановы і заўвагі. Гэта парлямэнт. Таму, як вырашыць парлямэнт, так мы і будзем працаваць”.

Паводле аўтара, ён працаваў над сваім праектам зьменаў выбарачага заканадаўства каля 8 месяцаў. У працэсе падрыхтоўкі і пасьля сканчэньня сваёй працы Валеры Шчукін даваў дакумэнт на экспэртызу некаторым палітыкам і спэцыялістам. У прыватнасьці, былому судзьдзю Канстытуцыйнага суду, доктару юрыдычных навук Міхаілу Пастухову. Вось ягоная ацэнка праекту:

(Пастухоў: ) “На мой погляд, дастаткова прынцыповыя заўвагі выказаў былы дэпутат парлямэнту Валеры Шчукін. Яны заснаваныя на асабістым досьведзе ўдзелу спадара Шчукіна ва ўсіх гэтых выбарчых кампаніях. Калі пагадзіцца з гэтымі прапановамі, то я думаю, што выбарчы працэс стаў бы ў нас больш дасканалым. Але я лічу, што дзеючы выбарчы кодэкс, па-сутнасьці, нават з тымі заўвагамі, што прапанаваны, ён не мяняе кансэрватыўнага зьместу гэтага дакумэнту. У пэрспэктыве я лічу, што нам трэба прымаць новыя дэмакратычныя законы пра выбары, якія будуць грунтавацца на эўрапейскіх стандартах. Гэта абавязкова. Толькі тады мы зможам разьлічваць на свабодныя і сумленныя выбары”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG