Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праграма разьвіцьця інфраструктуры Аўгустоўскага каналу пад пагрозай зрыву


Галіна Абакунчык, Менск На распараджэньне Аляксандра Лукашэнкі сёлета ў Беларусі распачалася рэканструкцыя найстарэйшай воднай артэрыі — Аўгустоўскага каналу. Чыноўнікі заяўляюць, што рэстаўрацыйныя працы праходзяць з апярэджаньнем плянаванага графіку і будуць завершаныя цягам году. Аднак праграма сацыяльнага ўпарадкаваньня прылеглай тэрыторыі пад пагрозай зрыву. З гэтай і іншых прычынаў незалежныя экспэрты сумняюцца ў посьпеху праекту.

Мэтай рэканструкцыі Аўгустоўскага каналу ёсьць разьвіцьцё ў Беларусі ўязнога турызму. На сёньня будаўнічыя работы на канале вядуцца актыўна і будуць завершаныя не пазьней як у чэрвені 2006 году, кажа кіраўнік управы Дзяржкантролю Ўладзімер Панасенка.

(Панасенка: ) “Работы праводзяцца актыўна, і тут мы былі крыху прысьпешаныя тым, што гэтыя працы раней былі праведзеныя на сумежнай польскай тэрыторыі. І сёньня асваеньне выдаткаваных дзяржавай сродкаў на гэтыя мэты ідзе апераджальнымі тэмпамі”.

Цяпер польская частка каналу прымае да 70 тысяч турыстаў за сэзон. Гэтаму спрыяе разьвітая інфраструктура. Толькі ў польскім горадзе Аўгустоў збудаваныя гатэлі на 4 тысячы месцаў, у той час, як ва ўсёй суседняй Гарадзенскай вобласьці гатэлі (большасьць якіх не адпавядае заходнім стандартам) могуць прыняць толькі 2,5 тысячы чалавек. Праект рэканструкцыі беларускай часткі каналу таксама прадугледжвае адпаведныя бізнэс-праекты, аднак за іх рэалізацыю ня ўзяўся яшчэ ніводзін інвэстар, кажа кіраўнік управы Міністэрства спорту і турызму Віктар Янкавенка.

(Янкавенка: ) “Канечне, калі мы сёньня чалавеку ці арганізацыі зямлю даём у арэнду на пяць гадоў, ніхто ні капейкі не ўкладзе. А калі на 25 — то гэта ўжо зусім іншы падыход. Абсалютна ня рухаюцца пытаньні разьвіцьця інфраструктуры ў зоне каналу, паколькі людзі і арганізацыі асьцерагаюцца камэрцыйнай рызыкі, бо ня ведаюць, што іх чакае. Павінны быць прапанаваныя прэфэрэнцыі: пакуль ты будуеш — ты ня плаціш падаткаў, гэта ўсясьветная практыка, і яна павінна быць тут. І такіх паказьнікаў можна шмат вызначыць”.

Аўгустоўскі канал — гэта 102 кілямэтры ўнікальнага гідралягічнага збудаваньня, якому споўнілася 200 гадоў. 80 кілямэтраў яго праходзіць па тэрыторыі Польшчы і 22 — па Гарадзеншчыне. У Беларусі плянуецца аднавіць разбураныя ў савецкі час тры шлюзы і дзьве плаціны, а таксама ўмацаваць непасрэдна рэчышча каналу. Цалкам завершыць гэты праект у сьціслыя тэрміны і на высокім узроўні немагчыма, кажа адмысловец у справе экалёгіі Валеры Дранчук.

(Дранчук: ) “Асабіста ў мяне вялікія сумненьні ня толькі адносна Аўгустоўскага каналу, але і Нясьвіжу і іншых аб’ектаў. Гэта ўсё дэкляратыўны флёр і гульня ў абяцаньні. Дзяржава ня мае творчага патэнцыялу ні ў справе будаўніцтва, ні ў справе выкарыстаньня гэтых аб’ектаў. Каб прыцягнуць турыста, трэба вельмі нестандартна думаць. Для гэтага павінна быць школа, павінна быць свабода і адпаведнае заканадаўства, прававы клімат павінны быць іншы. Людзі з асьцярогаю глядзяць у бок Беларусі, а таму якія тут могуць быць інвэстары? Гэтак жа, як і на Белавескую пушчу казалі — маўляў, сюды паедуць турысты. І дзе тыя турысты? Таму ўсе гэтыя праекты пры цяперашняй уладзе ня маюць ніякай пэрспэктывы”.

Міжнародныя экспэрты прызнаюць Аўгустоўскі канал унікальным аб’ектам, якіх надзвычай мала ў сьвеце. Менавіта з гэтай прычыны ЮНЭСКА прапанавала ўключыць яго ў сьпіс усясьветнай гістарычна-культурнай і прыроднай спадчыны. Міністэрства культуры Беларусі падрыхтавала адпаведныя дакумэнты, і ў жніўні яны разам з падрабязнай характарыстыкай Аўгустоўскага каналу паступяць у адпаведную камісію ЮНЭСКА.

Раней Міністэрства культуры Беларусі склала дэталёвую характарыстыку шэрагу аб’ектаў-кандыдатаў у сьпіс ЮНЭСКА. У гэты пералік былі ўключаныя: Полацкія Спаса-Праабражэнскі й Сафійскі саборы, Мікольская царква ў Магілёве, Камянецкая вежа, Берасьцейская крэпасьць, Гомельскі палацава-паркавы ансамбль. Днямі ўсясьветны сьпіс гістарычна-культурных каштоўнасьцяў папоўнілі Нясьвіскі палацава-паркавы комплекс, Дуга Струвэ, а крыху раней Мірскі замак і Белавеская пушча. Дарэчы, Польшча прадстаўленая ў гэтым сьпісе дзясяткам помнікаў, Расея — амаль двума дзясяткамі, Літва і Латвія ў ім нароўні зь Беларусьсю.
XS
SM
MD
LG