Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Данута Бічэль: “Лісты Ларысы Геніюш — гэта мая высокая духоўная адукацыя”


Валянціна Аксак, Менск Вялікі том эпісталярнае спадчыны паэткі Ларысы Геніюш выйшаў з друку ў менскім выдавецтве “Лімарыюс”. У гісторыі беларускае літаратуры гэта першы выпадак, калі асобнаю кнігаю выдаюцца лісты пісьменьніка.

Лісты Ларысы Геніюш — гэта своеасаблівы працяг яе “Споведзі”, напісанай таемна і выдадзенай асобнай кнігай толькі ў 1993 годзе. Ня маючы мажлівасьці друкавацца ў савецкіх падцэнзурных выданьнях, яна выкладала свой талент на старонках лістоў да сяброў і прыхільнікаў, якія жылі ў ЗША, Аўстраліі, Чэхіі, Літве, Польшчы… Паэтка, якая, ня будучы грамадзянкай СССР, адбыла 8 гадоў у сталінскіх лягерах па абвінавачаньні ў здрадзе радзіме і пасьля так і не прыняла савецкага грамадзянства, жыла ў мястэчку Зэльва, але была цэнтрам прыцягненьня беларускіх патрыётаў ці ня з цэлага сьвету. Працяглае і частае ліставаньне зь ёй мела знаная паэтка Данута Бічэль.

(Бічэль: ) “Быў такі час, калі яна мне пісала па некалькі лістоў у дзень. Зробіць нешта, прыйдзе, і ёй трэба паразмаўляць зь некім, падумаць — і яна сядала і пісала мне ліст. Таму я вельмі ўдзячная лёсу, што яна мяне выбрала”.

Данута Бічэль гаворыць, што права наблізіцца да легендарнае “бабулі”, як яе ў мэтах кансьпірацыі называлі блізкія людзі, трэба было заслужыць шчыраваньнем на глебе беларушчыны. Але многія, як і ў выпадку з Данутай Бічэль, пачыналі рабіцца сапраўднымі патрыётамі толькі дзякуючы знаёмству з зэльвенскай негалоснай грамадзянкай Беларускае Народнае Рэспублікі.

(Бічэль: ) “Яна была маёй рэлігіяй і маёй духоўнасьцю. І гэтыя лісты, яны якраз мне дапамагалі быць чалавекам, быць беларускім чалавекам, быць асобай беларускай, быць паэткай, заўсёды трымацца на ўзроўні, несьці высока галаву, не адчайвацца, ня кідацца ў дробязі, ісьці простай дарогай, не саромецца свайго таленту, свайго слова, свайго народу, свайго краю”.

Тыя, каму пашчасьціла мець мажлівасьць атрымліваць лісты Ларысы Геніюш, могуць усьлед за Данутай Бічэль паўтарыць:

(Бічэль: ) “Яе ліставаньне са мною — гэта былі ўсе мае інстытуты, гэта была мая адукацыя, вельмі высокая, эўрапейская, я б сказала так”.

Том эпісталярнае спадчыны Ларысы Геніюш пад назовам зь яе ж часта паўтораных да адрасатаў словаў “Каб вы ведалі” ўтрымлівае 355 выбраных выдаўцамі лістоў да Васіля Быкава, Уладзімера Караткевіча, Адама Мальдзіса, Максіма Танка, Зоські Верас, Раісы Жук-Грышкевіч і яшчэ некалькіх дзясяткаў выбітных нацыянальных асобаў. Сабранай па цэлым сьвеце эпісталярнае спадчыны Ларысы Геніюш хопіць яшчэ на тры такія тамы. Але выдаўцы кажуць, што ня ўся творчая спадчына паэткі і дагэтуль выяўленая.
XS
SM
MD
LG