Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Беларусі шукаюць экс-губэрнатара Кіеўскай вобласьці


Алесь Дашчынскі, Менск Беларускія праваахоўныя органы пачалі пошукі былога губэрнатара Кіеўскай вобласьці Анатоля Засуху, які, паводле інфармацыі ўкраінскага міністра ўнутраных справаў, хаваецца ад сьледзтва, перасёк беларускую мяжу і знаходзіцца цяпер у Беларусі.

Нацыянальнае цэнтральнае бюро Інтэрполу ва Ўкраіне яшчэ 12 ліпеня аб’явіла былога губэрнатара Кіеўскай вобласьці Анатоля Засуху ў міжнародны і міждзяржаўны вышук. Ён фігуруе ў дзьвюх крымінальных справах і хаваецца ад сьледзтва. Былы губэрнатар падазраецца ў эканамічных злачынствах, абвінавачваецца, між іншым, ва злоўжываньні службовым становішчам і службовым падлогу.

Міністар унутраных справаў Украіны Юры Луцэнка заявіў, што Анатоль Засуха перасёк мяжу зь Беларусьсю ў Валынскай вобласьці. Ён схаваўся адразу пасьля завядзеньня супраць яго крымінальнай справы. Паводле ўкраінскага міністра, хутчэй за ўсё, з тэрыторыі Беларусі былы губэрнатар Засуха скіруецца ў Маскву, дзе зьбіраецца своеасаблівы “ценявы” ўрад з былых высокапастаўленых чыноўнікаў.

Намесьнік кіраўніка прэсавай службы Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі Віталь Грынкевіч паведаміў, што сёньня ад украінскага боку паступіла інфармацыя пра магчымае перасячэньне беларускай мяжы былым губэрнатарам.

(Грынкевіч: ) “У беларускія праваахоўныя органы паступіла адпаведная інфармацыя з просьбай пра выяўленьне месцазнаходжаньня Анатоля Засухі. Цяпер праводзяцца розныя мерапрыемствы, мы займаемся яго вышукам, але менавіта на гэты момант ягонае месцазнаходжаньне пакуль ня выяўлена”.

Тым часам у дзяржаўным камітэце памежных войскаў Беларусі цьвердзяць, што ня маюць ніякай інфармацыі пра перасячэньне мяжы экс-губэрнатарам. Кіраўнік прэсавай службы Васіль Кіптэнка паведаміў:

(Кіптэнка: ) “Інфармацыі ў прэс-цэнтры наконт былога губэрнатара Кіеўскай вобласьці, што яго трэба затрымліваць, няма. Нам паказваюць дакумэнт — і калі ён сапраўдны, калі гэта законапаслухмяны грамадзянін Украіны, ён едзе, пытаньняў няма”.

У беларускім Нацыянальным цэнтральным бюро Інтэрполу (міжнароднай арганізацыі крымінальнай паліцыі) пакуль не пацьвердзілі інфармацыю пра тое, што беларускім памежнікам не перадавалі інфармацыю пра затрыманьне былога губэрнатара Засухі.

Беларусь, якая ня мае паўнавартаснай мяжы з Расеяй, часам выкарыстоўваецца злачынцамі, якія ўцякаюць ад сьледзтва. У Менску хаваўся адзін з галоўных падазраваных у забойстве амэрыканскага журналіста, галоўнага рэдактара расейскай вэрсіі часопісу “Forbes” Пола Хлебнікава. Тады ж беларускія спэцслужбы затрымалі майстра спорту па вольнай барацьбе Валіда Агаева, якога аб’явіла ў вышук генпракуратура Расеі.
XS
SM
MD
LG