Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронцы з Адыс-Абэбы напісалі ліст у Беларусь


Алена Струвэ, Менск Этыёпскія праваабарончыя арганізацыі зьвярнуліся з просьбай да ўраду Беларусі ды афрыканскай краіны Джыбуці з просьбай не выдаваць Адыс-Абэбе тых пілётаў, якія папрасілі палітычнага прытулку ў гэтых краінах, -паведамляе Ethiopian News Portal інтэрнэт-выданьня Nazret.com.

Як гаворыцца ў гэтым звароце, этыёпскія лётчыкі, якія праходзілі трэніроўкі ў Беларусі і Джыбуці ня мусяць разглядацца тамтэйшымі ўладамі як злачынцы. Іхнае дэзэртырства апраўданае міжнароднымі правамі нормамі, ўхваленымі ў часе гістарычнага ваеннага трыбуналу ў Нюрнбэргу. Згодна зь імі, абавязкам вайскоўца ёсьць адмова ад незаконных загадаў свайго ураду.

Аўтары ліста зьвяртаюць ўвагу беларускага і джыбуційскага кіраўніцтва на тое, што цяпер у Этыёпіі пануе дыктатура, гінуць нявінныя людзі, сьмяротнае пакараньне пагражае ў тым ліку і лётчыкам у выпадку іхнай дэпартацыі. Паведамляецца таксама, што нядаўна ў выніку публікацыі ў незалежных этыёпскіх СМІ паведамленьня пра просьбу пілётаў аб палітычным прытулку ў Беларусі, былі арыштаваныя рэдактары гэтых выданьняў. Выдаўцам інкрымінаваўся паклёп на рэпутацыю вайскоўцаў.

Этыёпскія праваабаронцы выказваюць асобую занепакоенасьць ў зьвязку з тымі ўмовамі ўтрыманьня, якія, паводле іхнай інфармацыі, маюцца ў турмах Беларусі і Джыбуці. Паводле паведамленьняў з самых розных крыніцаў, у тым ліку ад людзей, якія непасрэдна размаўлялі з эфіёпскімі пілётамі, ўцекачы псыхічна траўмаваныя.

Як перакананыя праваабаронцы, нягледзячы на ўсю складанасьць моманту, апраўдаць падобнае стаўленьне ўладаў Беларусі і Джыбуці да ўцекачоў нельга. Аўтары звароту заклапочаныя таксама пагрозамі на адрас сваіх суайчыньнікаў адносна іхнай дэпартацыі назад на радзіму.

Праваабаронцы заклікаюць кіраўніцтва абедзьвюх краінаў– Беларусі і Джыбуці – да разуменьня ўсёй складанасьці сытуацыі, да павагі да правоў прыгнечаных людзей, да садзейнічаньня ў справе выратаваньня жыцьцяў пілётаў.
XS
SM
MD
LG