Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Застыў, як певень пасьля кукарэку


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Кожнага разу, праглядаючы адпаведныя слоўнікі, дзівуесься зь дасьціпнасьці й трапнасьці народнага слова.

Той жа певень: засьпявае й замрэ на міг, ці то слухаючы рэха свайго сьпеву, ці то ўслухоўваючыся – ці не адгукнецца з суседняга двара ягоны, такі ж гарласты, спакрэвіч. Вось жа й чалавек: уразіцца чымсьці – і замрэ ў нерухомасьці. Пра такога кажуць: застыў, як певень пасьля кукарэку.

На слых таго ж ангельца выраз гэты патыхае архаічнасьцю й шматслоўем. Тыя ж ангельцы ў падобных выпадках кажуць: stop dead (стаў як абмёр). Тыповы прыклад пазбаўленага ўсялякіх неінфармацыйных “прыгостваў” моўнага драйву. Нашыя паўночныя суседзі латышы больш прыземленыя: stav ka pie zemes pieaudzis (стаіць, як да зямлі прырослы). Амаль тое ж самае ў летувісаў: stovi kaip ibestas (стаіць, як у зямлю ўбіты). У палякаў... у палякаў ёсьцека дзеля такога выпадку параўнаньне, якое згадваў у адным з сваіх эсэ Янка Брыль: stał jak Białorusin.

Чуць такое нам, Białorusin’ам, вядома ж, крыўдна. Але ж раз такі выраз нарадзіўся, значыць, на тое былі падставы. Калі ў сярэдзіне дзевяностых я ўпершыню прыехаў у Польшчу і ступіў на пэрон Беластоцкага вакзалу, перада мною паўстаў шыхт нерухомых людзей, якія трымалі ў руках хто цыгарэты, хто слоік сьмятаны, хто бутэльку гарэлкі. Як высьветлілася, гэта браты-беларусы прыехалі за кардон гандляваць. Пазіраючы на нерухома-пахілыя постаці, палякі й выдалі згаданае параўнаньне.

Калі я ішоў праз гэты шыхт, адзін зямляк, схапіўшы за рукаво, жарсьліва прамовіў: “Эй, пан, возьми бутылку спирта”. Пад палітонам зямеля трымаў бутэльку “Раялю”. “Я ня пан, а спадар, і такой брыды не ўжываю”, – прамовіў я ў адказ. Тут бы й напісаць, што мой суразмоўнік аслупянеў ад нечаканасьці, але ўсё было наадварот. “Хохол попался”, – паведаміў зямеля таварышу ў гандлі, і я, дарэшты ўражаны, на імгненьне застыў, як певень пасьля кукарэку.
XS
SM
MD
LG