Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

19 ліпеня 1450 году ў пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца беларускае мястэчка Ўзда


RFE/RL На пачатку - дзьве даты рэгіянальнай беларускай гісторыі. 19 ліпеня 1450 году ў пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца беларускае мястэчка Ўзда – цяперашні гарадзкі пасёлак, цэнтар раёну.

А 19 ліпеня 1953 году на возеры Дрысьвяты ў Браслаўскім раёне пачала працаваць гідраэлектрастанцыя “Дружба народаў”. Сёньня Дрысьвяты апынуліся на беларуска-літоўскай мяжы, і зь беларускага боку ў пагодны дзень тут можна пабачыць іншую электрастанцыю – Ігналінскую атамную – на літоўскім баку.

19 ліпеня 1814 году прыйшоў на сьвет амэрыканскі збраяр Сэмюэль Кольт, аўтар аднайменнага рэвальвэра. Дасьціпныя амэрыканцы ўвекавечылі ягонае прозьвішча ў прымаўцы “Бог стварыў людзей, а Кольт зрабіў іх роўнымі“.

19 ліпеня ў 1834 годзе нарадзіўся францускі мастак-імпрэсіяніст Эдгар Дэга, а ў 1893-м прыйшоў на сьвет расейскі паэт Уладзімер Маякоўскі. Чалавек ён быў рэзкі, з усёй рашучасьцю падтрымаў савецкую ўладу і самым авангардысцкім чынам яе апеў, але як паэта многія любяць яго дагэтуль. Між іншым, Маякоўскі шмат разоў гастраляваў у Беларусі, выступаў на сустрэчах з чытачамі ў Менску, Віцебску, Гомелі ды іншых месцах. Першы ягоны візыт у нашу краіну адбыўся яшчэ да рэвалюцыі, у 1914 годзе.

У беларускай гісторыі сёньняшні дзень памятны сьмерцю паэта і паўстанца Тамаша Зана ў 1855 годзе, нараджэньнем архітэктара Льва Вітан-Дубейкаўскага ў 1869 годзе, а таксама першымі арыштамі дзеячоў беларускага адраджэньня ў 1930 годзе. Чэкісцкая аблава мела на мэце захоп чальцоў арганізацыі “Саюз вызваленьня Беларусі”. Усяго за некалькі дзён было арыштавана 110 чалавек. Між іх акурат 19 ліпеня схапілі былога дзяржаўнага сакратара Беларускай Народнай Рэспублікі палітыка Леанарда Зайца, які празь некалькі гадоў памёр у турме, і пісьменьніка Максіма Гарэцкага, які быў высланы ў глыбінную Расею, а пасьля зноў арыштаваны і расстраляны.

19 ліпеня 1941 году распачалася карная апэрацыя нямецкіх акупантаў «Прыпяцкія балоты» супраць партызан і мірнага насельніцтва Берасьцейскай, Пінскай і Палескай абласьцей. У часе гэтай апэрацыі, якая доўжылася да 31 жніўня, адбылося масавае вынішчэньне людзей (карнікі забілі каля 14 тысяч чалавек) і спаленьне мноства беларускіх вёсак разам зь людзьмі.
XS
SM
MD
LG