Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Менскім мэтрапалітэне ізноў узгадваюць пра Свабодны прафсаюз


Вячаслаў Кулік, Менск Карыстальнікі мэтро ў Менску заўважылі, што жаночы пэрсанал падземкі апрануты цяпер ў пілёткі з мэталёвай эмблемай. На сіняй форме ёсьць таксама пагоны і знакі адрозьненьняў. Паводле экспэртаў, паўваенная форма ў мэтрапалітэне стала своеасаблівым штодзённым напамінам пра жорсткую дысцыпліну, пры якой немагчымы паўтор сцэнару 10-гадовай даўніны.

Мне неаднаразова даводзіцца чуць скаргі ад працаўнікоў Менскага мэтрапалітэну. Вельмі часта на павышаных галасах размаўляюць за шклом касіркі альбо ў "шпакоўні" ля эскалятару жаліцца кантралёрка. Гэтым разам давялося нават уключыць дыктафон, бо гутарка тычылася форменнага адзеньня, якое, паводле словаў жанчыны ў пілётцы, вельмі нязручнае".

(Жанчына: ) "Па-першае, лета й цёплыя пілёткі. Раней гэтага не было. Вось літаральна нядаўна яе ўвялі. Каб хаця прыдумалі нешта лягчэйшае - гэта ж немагчыма, каб у такую гарачыню стаяць па 12 гадзінаў. Ну і такія ўмовы стварылі, што калі не падабаецца, то можаш звальняцца, зыходзіць. Нікога гэтага не хвалюе".

(Карэспандэнт: ) "А зь якой тканіны пашытая пілётка?"

(Жанчына: ) "Драпавая. Мала таго, ў ёй яшчэ скуразаменьнік, падкладка. Калі пастаіш 12 гадзінаў, дык галава "адвальваецца" цалкам".

З гэтым меркаваньнем суразмоўцы я пазнаёміў службу руху Менскага мэтрапалітэну. Галоўны інжынэр Ігар Папковіч паведаміў, што ў калектыве мэтро загады кіраўніцтва не абмяркоўваюцца. На маю заўвагу, што жаночая форма ў мэтрапалітэне мае напаўваенны выгляд, а нязручная пілётка да таго ж элемэнтарна пярэчыць санітарным нормам, чыноўнік патлумачыў наступнае.

(Папковіч: ) "Хто запытвае пра зручнасьці ў вайскоўцаў ці міліцыі? Зацьверджана форменная адзеньне, вось і ўсё. Калісьці ў савецкія часы мэтрапалітэн знаходзіўся ў тым жа падпарадкаваньні, што й чыгунка. Форма для ўсіх была адзіная. Ну і зараз кіраўніцтва прыняло рашэньне прывесьці ўсё ў адпаведны парадак".

Сёлета спаўняецца роўна 10 гадоў, як у Менскім мэтрапалітэне адбыўся 5-дзённы страйк. Паводле яго арганізатараў, адміністрацыя мэтро не выконвала ўмовы калектыўнай дамовы, якія датычныя аплаты працы й сацыяльных ільготаў. Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук адзначае, што ў сувязі з 10-годдзем страйку на Менскім мэтрапалітэне вырашана падрыхтаваць зварот да грамадзкасьці і арганізаваць інфармацыйную кампанію. Па словах спадара Ярашука, на мэтрапалітэне зараз зноў узгадваюць пра Свабодны прафсаюз, які быў сапраўдным абаронцам шараговых працаўнікоў".

(Ярашук: ) "Якраз тое, што мае зараз месца - яскравае пацьверджаньне, што калі б падтрымалі Свабодны прафсаюз і працаўнікі мэтрапалітэну дамагліся свайго, то не было б гэтых наступстваў. Людзі не маюць магчымасьць абараняць свае інтарэсы. Што датычыць пілётак і спэцвопраткі, гэта якраз той выпадак, калі менавіта прафсаюзы павінны былі браць на сябе місію ўрэгуляваньня пытаньня. Я лічу, што ёсьць аб чым падумаць працаўнікам мэтрапалітэну".

Старшыня Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук таксама паведаміў, што ў прафсаюзным штотыднёвіку "Салідарнасьць" і ў бюлетэні прафцэнтру "Кангрэс" пачалі выходзіць першыя матэрыялы да 10-й гадавіны страйку ў Менскім мэтро".
XS
SM
MD
LG