Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Літоўцы пабудуюць атамны магільнік на Браслаўскіх азёрах?


Іна Студзінская, Менск Беларуская грамадзкасьць і афіцыйныя асобы ўсхваляваныя намерам Літвы пабудаваць радыёактыўны магільнік побач зь беларускай мяжой. Адной з умоваў уступленьня Літвы ў Эўразьвяз было закрыцьцё Ігналінскай АЭС, і летась першы блёк быў спынены. Цяпер востра паўстала пытаньне будаўніцтва магільніка для захаваньня адпрацаванага радыяактыўнага паліва. Літоўскі бок знайшоў пляцоўку для будаўніцтва – у 10 кілямэтрах ад латыскай мяжы і ў 700 мэтрах ад Нацыянальнага парку “Браслаўскія азёры”.

Нідзе ў сьвеце ў запаведнай зоне няма атамных электрастанцыяў. Толькі Ігналіна была пабудаваная на тэрыторыі Нацыянальнага парку. А цяпер літоўцы маюць намер пабудаваць яшчэ і магільнік.

Літоўцы падлічылі, што вывозіць радыёактыўныя адыходы за межы краіны, да прыкладу, у Расею (якая на захаваньні адыходаў зарабляе), ім не па кішэні нават з дапамогай Эўропы. Таму вырашылі будаваць на тэрыторыі самой станцыі. Іх галоўны аргумэнт: Браслаўшчына – маланаселены раён, і выбар паў на мястэчка Галілаўке. З пратэстам выступілі ў першую чаргу суседзі – Латвія і, натуральна, Беларусь.

У чэрвені адбыўся цэлы шэраг сустрэч літоўскіх і беларускіх адмыслоўцаў, прадстаўнікоў Міністэрства прыроды, МЗС, амбасадаў дзьвюх краінаў. Гаворыць намесьнік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі Аляксандар Апацкі.

(Апацкі: ) “Ніякай дакумэнтацыі ў поўным аб’ёме нам прадстаўлена не было. Павінны быць праведзеныя грамадзкія слуханьні, экспэртныя заключэньні. Беларусі павінен быць прадстаўлены праект на разгляд па магчымым уплыве на беларускі бок, і мы павінны выказаць сваё меркаваньне ў межах і двухбаковых дамоваў, і міжміністэрскіх…”

Як ня дзіўна, навукоўцы ставяцца да будаўніцтва больш спакойна і прагматычна. Меркаваньне прафэсара-ядравіка, доктара фізыка-матэматычных навук Станіслава Шушкевіча.

(Шушкевіч: ) “Але ж не ўзьнікае праблем ні ў Бэльгіі, ні ў Францыі, ніякага гвалту, там так многа атамных станцыяў, не такое гэта страшное паскудства. Трэба далей ад людзей і глыбей. Тут фізыкі гавораць заўсёды так: працуе R квадрат. Квадрат адлегласьці для гама-выпраменьваньняў. Чым далей, тым лепей, нават у квадраце. І чым глыбей атачэньне – тым лепей. Так што пад зямлёй лепей”.

А вось начальнік аддзелу міжнароднага супрацоўніцтва Мінпрыроды Беларусі Аляксандар Рачэўскі патлумачыў сваю занепакоенасьць геалёгіяй, маўляў, там шмат рэк і азёр, грунтоўныя воды разьмешчаныя блізка да паверхні зямлі. На думку прафэсара Станіслава Шушкевіча, канчатковае заключэньне павінны даваць адмыслоўцы, і пры цяперашнім разьвіцьці навукі гэта цалкам магчыма.

(Шушкевіч: ) “Геолягі павінны даць заключэньне, ці могуць быць там патокі, ці можа быць там фільтрацыя. Ёсьць прафэсіяналы, якія могуць добра вылічыць на працягу колькіх стагоддзяў, а можа і тысячагоддзяў у дадзенай геалягічнай мясцовасьці. Я яшчэ раз скажу: гэта сур’ёзная работа прафэсіяналаў, і калі яны робяць заключэньне, што можна будаваць – гэта аднолькава бясьпечна і для літоўцаў, і для беларусаў. Таму я ня думаю, што нехта будзе рабіць нешта дрэннае для нас”.

І ўсё ж ці могуць літоўцы пабудаваць гэты магільнік, не зважаючы на пратэсты грамадзкасьці? Пазыцыя намесьніка міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя Беларусі Аляксандра Апацкага такая.

(Апацкі: ) “Улічваючы занепакоенасьць грамадзкасьці, гэта пытаньне ўціхую, як літоўцы спрабавалі, вырашацца ня будзе. Будзем галосна і, магчыма, з міжнародным удзелам вырашаць”.
XS
SM
MD
LG