Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Локшыны прыраўнялі да рыбы, цыгарэтаў і віна


Юлія Шарова, Менск На імпарт макаронных вырабаў з гэтага месяца уводзяцца квоты – адпаведную пастанову выдаў саўмін. На сёньняшні дзень у Беларусь гэтых вырабаў увозяць у дзесяць разоў болей, чым выпускаюць. Таму для падтрыманьня айчынных вытворцаў урад вырашыў прыраўняць локшыны да іншых кватаваных тавараў – акіянічнай рыбы, вінаграднага віна, цыгарэтаў ды цукру-сырца.

Калі быць дакладнымі, то штогод беларускі рынак спажывае да 120 тысячаў тонаў макаронных вырабаў. Уласная вытворчасьць увесь час зьніжаецца, беларускія прадпрыемствы выпусьцілі ўсяго толькі 11 тысяч тонаў. Завезьлі ў краіну больш за 100 тысяч тонаў прадукту, пераважна з Расеі. Як піша “Нацыянальная эканамічная газэта”, толькі з Расеі макаронных вырабаў завозяць недзе на 70 мільёнаў даляраў. Вытворчасьць звычайных локшынаў прыбытковы бізнэс, аднак у Беларусі ён амаль перастаў разьвівацца. Пятнаццаць год таму выпускалі больш за 60 тысяч тонаў штогод, цяпер аб’ёмы вытворчасьці зьнізіліся ў пяць разоў.

Выпускам гэтых вырабаў займаюцца Лідзкі камбінат хлебапрадуктаў, барысаўская фірма “Барымак”, а таксама шэраг невялікіх заводаў, што належаць індывідуальным прадпрымальнікам. Намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства “Барымак” Ігар Кастрамін у інтэрвію Свабодзе паведаміў, што галоўная праблема для іх – абнаўленьне вытворчых магутнасьцяў. Цягам апошніх пятнаццаці год амаль нічога тут не было зроблена, фонды амаль цалкам зношаныя. Пастанову ўраду на прадпрыемстве вітаюць.

Яшчэ адна праблема – беларускія макароны ня могуць пакуль канкураваць па кошце з расейскімі. У сярэднім беларускія локшыны даражэйшыя, кажа Ігар Кастрамін.

(Кастрамін: ) "Калі браць базавую цану на вагавыя, то 1.199 за кіляграм з ПДВ".

(Карэспандэнт: ) "А расейскія?"

(Кастрамін: ) "Ёсьць і за 940, па памяці, даюць".

Прычынай таго, што айчынныя макаронныя вырабы даражэйшыя, ёсьць высокія выдаткі на закупы мукі з пшаніцы цьвёрдых гатункаў – менавіта такая патрэбная, каб локшыны папросту не разварваліся. Часам макароны вырабляюць з мукі іншых гатункаў – такі прадукт танны, але няякасны.

Беларускія спажыўцы сапраўды пераходзяць на расейскія макароны – іншых папросту мала застаецца. Гаспадыні, зь якімі я гутарыла ля адной з буйных менскіх крамаў, па інэрцыі часам набываюць барысаўскія макароны, але ўсё болей пераходзяць на імпартныя.

(Спадарыня: ) "Увогуле расейскія набываю, барысаўскія часам, беларускія".

(Іншая спадарыня: ) "Расейскія. Мне расейскія падабаюцца болей".

(Яшчэ адна спадарыня: ) "Беларускія, яны таньнейшыя".

(Спадарыня: ) "Калі зь цьвёрдых гатункаў пшаніцы, то бяру беларускія".

(Пэнсіянэрка: ) "Беларускія, барысаўскія. Падтрымліваем нашага вытворца. І якасныя яны".

(Яшчэ адна пэнсіянэрка: ) "І расейскія нядрэнныя".

(Спадарыня: ) "Любыя зь цьвёрдых гатункаў пшаніцы, вось такія выбіраю, каб не развальваліся. І фірма мяне менш за ўсё цікавіць".
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG