Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейcкія выдаўцы патрабуюць выразаць антыімпэрскія выказваньні В.Быкава


Сьвятлана Курс, Менск Агляд незалежнай беларускай прэсы за 19-га ліпеня.

“Белорусская деловая газета” паведамляе: згодна з указам прэзыдэнта, міністэрства абароны перадало правы на продаж сваёй ужыванай маёмасьці аднаму з прадпрыемстваў канцэрна «Белрэсурсы». Па-сутнасьці, міністэрства прызнанае няздольным распарадзіцца сваёй маёмасьцю. Паводле неафіцыйных крыніцаў, прычына рашэньня – карупцыя пры продажы вайсковай маёмасьці, што закранула найвышэйшыя колы Міністэрства. Аднак і у «Белрэсурсах” працуюць звычайныя людзі, якія таксама паддаюцца на спакусы – нагадвае газэта.

Кампанія ад дзьвярэй да дзьвярэй – альтэрнатыва дзяржаўнай прапагандысцкай машыне. Гэты ж шлях недаступны для агітатараў за цяперашняга кіраўніка дзяржавы, бо да іх людзі будуць зьвяртацца з дробнымі побытавымі праблемамі, у якіх традыцыйна вінавацяць уладу. “Ніхто не забараняе проста людзям званіць у дзьверы да проста людзей, казаць ім простыя рэчы і называць простае прозьвішча, якое праз год зробіцца няпростым” – піша газэта.

Сяргей Шапран гутарыць з Валянцінам Тарасам аб ягоным перакладзе на расейскую кнігі Васіля Быкава “Доўгая дарога”. Чатыры расейскія выдавецтвы адмовіліся друкаваць кнігу без цэнзуры – ім хацелася выдаліць з тэкстаў Быкава ягоныя антыімпэрскія выказваньні. “Расейцаў траўмуюць такія выказваньні”, – сказалі перакладчыку ў выдавецтве. Урэшце кніга была выдадзеная маскоўскім выдавецтвам «АСТ» і беларускім «Харвэст» накладам 4 тысячы асобнікаў.

Пад рубрыкай “Хто ёсць хто” “Народная воля” працягвае знаёміць сваіх чытачоў з патэнцыйымі кандыдатамі на прэзыдэнцкі пасад ад дэмакратычных сілаў. На пытаньні Анатоля Гуляева адказвае лідэр незалежных прафэсійных зьвязаў Аляксандар Ярашук.

Таксама газэта друкуе рэпартаж са спаборніцтва целаахоўнікаў, якое прайшло у расейскім Ніжнім Ноўгарадзе . Газэта лічыць, што ў кіраўніка цюменскай нафтавай кампаніі ахоўнікі больш кваліфікаваныя, чым у прэзыдэнта Беларусі.

“Витебский курьер” піша, што ў міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песьні на “Славянскім базары” па выніках першага дня перамагаюць беларускі. Паліна Смолава за песьню “Польская Мадона” атрымала 103 балы са 110 магчымых. На другім месцы – Гюнэш Абасава, якая атрымала 97 балаў. Бліжэйшыя канкурэнткі беларусак – Эмілія Валенты з Баўгарыі, Гшай з Ізраілю ды ўкраінка Анастасія Цімафеева.

У Віцебску прайшла і 39-я асамблея Міжнароднай фэстывальнай арганізацыі FIDOF. Да таго 38 гадоў гэтая асацыяцыя засядала ў Канах. Гасьцей з 19 краінаў вітаў Леанід Гуляка. Мінулагодні, ХIII фэстываль “Славянскі базар у Віцебску” FIDOF абвясьціла лепшым фэстам году, – піша аглядальніца “ВК” Натальля Партоліна.
XS
SM
MD
LG