Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Можа, калі-небудзь Лукашэнка беларусам і надакучыць, але здарыцца гэта няхутка”


Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.

Ці могуць у Беларусі прэзыдэнцкія выбары 2006 году адбыцца паводле іншага сцэнару і зь іншым вынікам, чым папярэднія выбары 2001 году? Адказаць на гэтае пытаньне ў сваіх лістах спрабуюць многія слухачы “Свабоды”. Адзін з такіх допісаў даслаў нам Леанід Панасюк зь Пінску. Ён піша:

“Не разумею, на што разьлічвае ваша апазыцыя. Шанцы на перамогу ў яе нулявыя. Ніхто яе кандыдатаў ня ведае, ня бачыць і ня чуе. Як могуць галасаваць людзі за Анатоля Лябедзьку, якога апошні раз бачылі па тэлевізары гадоў дзесяць таму? Можа, калі-небудзь Лукашэнка людзям і надакучыць так, як камуністы ў канцы 1980-х гадоў. (Тады былі гатовы галасаваць за любую партыю, абы не за КПСС.) Але здарыцца гэта няхутка. Можа, і няма пры Лукашэнку асаблівых посьпехаў, але і вялікіх правалаў няма. За апошнія гады мы горш жыць ня сталі. Наадварот, паглядзіце, колькі ўсяго будуецца, колькі машын на вуліцах… І ўвогуле, якім бы ні быў Лукашэнка, да яго прывыклі. Навошта мяняць шыла на мыла?

Тым больш, што беларусам чужыя ўсе тыя лёзунгі, якія ўзьнімае БНФ, Аб’яднаная грамадзянская партыя ды іншыя лібэралы. Прыйдуць яны да ўлады — будзе ў нас тое ж, што і ў Расеі. Усё народнае багацьце пяройдзе ў рукі жменькі багацеяў, а просты чалавек будзе перабівацца з хлеба на квас. Няўжо апазыцыя ня бачыць, што беларусы за гэта ніколі не прагаласуюць?”

Думаю, спадар Панасюк, вы і сам ведаеце, чаму не паказваюць па беларускіх дзяржаўных тэлеканалах (а іншых у Беларусі няма) ні Анатоля Лябедзьку, ні Міколу Статкевіча, ні Ўладзімера Коласа, ні Васіля Лявонава, ні іншых лідэраў апазыцыі. Чаму няма на тэлебачаньні ні дэбатаў паміж палітычнымі лідэрамі, ні супрацьлеглых думак і поглядаў на шляхі разьвіцьця Беларусі? Робіцца ўсё гэта якраз дзеля таго, каб у грамадзтве ня ведалі, ня бачылі і ня чулі іншых палітыкаў, апроч аднаго, які ўсім вядомы. Каб у яго не было моцных супернікаў на наступных выбарах.

Што да вашых заўваг наконт лібэральнага кірунку апазыцыі, то мушу заўважыць, што сярод апазыцыйных партый нямала і левых — сацыял-дэмакратычных і камуністычных, якія выступаюць якраз пад лёзунгамі сацыяльнай справядлівасьці і роўнасьці і зусім не падтрымліваюць расейскага варыянту рынкавых пераўтварэньняў. Але ў іх таксама няма доступу да дзяржаўных мэдыяў. Апазыцыю афіцыйная прапаганда імкнецца маляваць адной фарбай — якраз такой, якую выкарысталі ў сваім лісьце вы, спадар Панасюк.

Новы ліст даслала нам наша сталая слухачка, актывістка Таварыства абароны жывёл Разалія Рубінчык зь Менску. Да ліста яна прыклала публікацыю з адной з украінскіх газэтаў, у якой мясцовыя абаронцы жывёльнага сьвету надрукавалі зварот да прэзыдэнта Юшчанкі. Разалія Рубінчык піша:

“Нашы ўкраінскія сябры рэгулярна прысылаюць сваю прэсу. І застаецца толькі шкадаваць, што ў нас нічога падобнага няма. Відаць, існуе негалоснае табу на гэтую тэму, бо голас абаронцаў жывёл практычна не гучыць у беларускіх мэдыях. Хачу працытаваць словы вялікага гуманіста Гандзі: “Пра веліч нацыі і яе маральны прагрэс можна меркаваць па тым, як ставяцца да жывёл”. Мне цяжка ўявіць, што ў Беларусі можа быць надрукаваны падобны зварот беларускіх абаронцаў жывёл да прэзыдэнта Лукашэнкі. Усе нашы лісты да яго і ягонай адміністрацыі застаюцца без увагі. І даводзіцца толькі шкадаваць, што ў нас няма такога дзяржаўнага лідэра, як Юшчанка. Але я ўсё ж спадзяюся, што ветры аранжавай рэвалюцыі дайдуць і да Беларусі, і, у адрозьненьне ад вятроў Чарнобылю, яны прынясуць нам лепшае жыцьцё”.

Падазронае, недаверлівае стаўленьне дзяржаўных чыноўнікаў да любых грамадзкіх ініцыятываў (калі толькі гэтыя ініцыятывы не санкцыянаваныя зьверху) — гэта адна з адметных рысаў цяперашняга грамадзкага жыцьця Беларусі. Найперш гэта датычыць тых недзяржаўных арганізацыяў, якія спрабуюць абараняць палітычныя правы людзей, дэмакратычныя каштоўнасьці. Такая палітычна нэўтральная арганізацыя, як Таварыства абароны жывёл, здавалася б, не павінна выклікаць у чыноўнікаў пачуцьця небясьпекі і недаверу. Аднак на практыцы, як сьведчыць, у прыватнасьці, ліст нашай слухачкі Разаліі Рубінчык, атрымліваецца інакш.

Наша слухачка з Барысава Зінаіда Сіняк у сваім лісьце на “Свабоду” распавяла сумную гісторыю таго, як праз суд дзяліла хату з самым блізкім чалавекам — маці. Вытрымка зь ліста:

“На пачатку 2003 году раённы суд падзяліў паміж мной і маці наша жытло на вуліцы Чкалава такім чынам, што мне дасталіся 34 працэнты дому і ўчастку. З такім рашэньнем я была катэгарычна ня згодна, бо ўвесь дом мы будавалі з мужам (калі былі ў шлюбе), на агульныя грошы. Апроч таго, зямельны ўчастак падзялілі такім чынам, што я вымушана хадзіць з вуліцы да ўваходу ва ўласны дом прыблізна 70 мэтраў, уздоўж сьцёкавай канавы. Абласная судовая калегія маю касацыйную скаргу не задаволіла. І на ўсе мае наступныя шматлікія заявы ўсе арганізацыі давалі мне фармальныя адпіскі. Ніхто не запатрабаваў справу, каб разабрацца ў ёй па сутнасьці, ніхто ня выехаў на месца. Усе адказваюць, што ня выявілі перадузятасьці ў дзеяньнях судзьдзі. У мяне склалася ўражаньне, што ніхто не правярае правільнасьці дзеяньняў суду, не кантралюе яго. І няма ніякага спадзяваньня на тое, што ў нас можна знайсьці справядлівасьць”.

Сумная і, на жаль, тыповая для сёньняшняй Беларусі гісторыя: суды перапоўненыя падобнымі грамадзянскімі справамі пра падзел маёмасьці. Асобнае жыльлё для многіх сем’яў недаступнае, а жыцьцё пад адным дахам людзей розных пакаленьняў, калі чалавек ня мае ня тое што ўласнага пакоя — нават кутка, часта прыводзіць да таго, што калісьці самыя блізкія людзі ператвараюцца ў лютых ворагаў і гатовыя аддзяляцца адзін ад аднаго каменнай сьцяной. Асабліва сумна тое, што крэўна родных людзей робяць ворагамі, як правіла, дробязныя побытавыя спрэчкі, крыўды і непаразуменьні.

Мне за час маёй журналісцкай працы нярэдка даводзілася сутыкацца з падобнымі сытуацыямі. І паверце, спадарыня Сіняк, што ніводзін суд ня здольны вырашыць гэтых канфліктаў так, каб былі задаволеныя абодва бакі. Праблема вырашаецца толькі тады, калі самі людзі знаходзяць у сабе сілы ўзьняцца над сваркай, выявіць уласную велікадушнасьць, міласэрнасьць і мудрасьць.

На заканчэньне некалькі кароткіх лістоў ад нашых даўніх слухачоў і сяброў. У гэтых лістах няма развагаў і прапановаў, а ёсьць шчырыя ўражаньні, эмоцыі, словы сяброўскай падтрымкі. Вось што піша нам Іна Аўчарэнка зь вёскі Варкавічы Слуцкага раёну:

“Мне спадабаўся новы сымбаль Радыё Свабода — палаючая паходня, якая асьвятляе шлях да свабоды і дэмакратыі. А рэклямныя каляндарыкі з новым раскладам вашых перадач я раздала сваім знаёмым, і спадзяюся, што яны таксама стануць слухачамі “Свабоды”. Летняя праца і клопаты забіраюць поўна часу, але я ўсё роўна памятаю пра “Свабоду”.

Наступны ліст ад Рыгора Ермаловіча з Ваўкавыску:

“Слухаю “Свабоду” амаль штодня на працягу многіх гадоў. Я ўжо немалады чалавек, мне 72 гады. Люблю свой край, сваю родную беларускую мову. Хочацца дажыць да тых дзён, калі наша краіна будзе вольнай і заможнай. Шчыры ўсім вам дзякуй за працу на карысьць беларускага народу, нашай роднай Бацькаўшчыны”.

Са словамі падзякі зьвяртаецца і наш слухач з Украіны, з гораду Днепрапятроўску Ігар Земляны. Кароткі фрагмэнт зь ягонага ліста:

“Я ўкраінец, але, дзякуючы “Свабодзе”, палюбіў і вывучыў беларускую мову. Слухаю “Свабоду” ўжо даўно, але пішу вам першы раз. Вашы перадачы мне вельмі падабаюцца: слухаю іх штодня — і раніцай, і ўвечары. Лічу, што вам, беларусам, трэба, аб’яднаўшы сілы, паўстаць супраць прыгнёту. Успомніце нашу ўкраінскую аранжавую рэвалюцыю ў лістападзе-сьнежні мінулага году — і самі рабіце высновы”.

Мы шчыра ўдзячныя вам, шаноўныя слухачы, за цёплыя словы і пажаданьні на адрас “Свабоды”. Яны дапамагаюць адчуваць вашы запатрабаваньні і чаканьні, што надзвычай важна ў журналісцкай справе. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG