Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Далі” — насуперак стандартам


Зьміцер Падбярэскі, Менск (эфір 16 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Па-за тактам”.

(Зьміцер Падбярэскі: ) “22 ліпеня пачынаецца чарговы фэстываль маладой беларускай музыкі “Басовішча”. Для ўдзелу ў конкурснай праграме фэстывалю ў Менску адбыўся адборачны тур, у выніку якога восем маладых, пакуль што пераважна малавядомых беларускіх калектываў атрымалі магчымасьць паказаць сваё майстэрства на лясной сцэне пад Гарадком, што на Беласточчыне. Адразу адзначу: рашэньне журы, якое і вызначала склад канкурсантаў, у немалой меры азадачыла многіх, хто быў у клюбе “Акварыюм” і мог на ўласныя вушы і вочы ацаніць майстэрства прэтэндэнтаў.

Загадкай засталося тое, на падставе чаго вызначаліся лепшыя, што было крытэрам адбору. Сярод удзельнікаў адборачнага туру былі такія калектывы, якіх, на маю думку, выпускаць на сцэну было, мякка кажучы, ранавата. Тым часам сярод тых, хто не прайшоў на адборачны тур “Басовішча”, быў адзін калектыў, які толькі глухому і сьляпому быў незразумелы. Гаворка ідзе пра калектыў пад назвай “Далі”. Не, не ад прозьвішча славутага мастака. “Далі” — гэта проста па-беларуску “далі”.

Але “Далі” на “Басовішчы” выступяць. Бо на ўласнае запрашэньне спадара Ігара Зныка група выступіць на “Вольнай сцэне”, таму што спадар Знык, такое ўражаньне, здолеў годна ацаніць патэнцыял гэтай новай для беларускай музычнай сцэны зьявы. Такім чынам, сёньня ў студыі Беларускай “Свабоды” ўдзельнік гэтага калектыву — гітарыст і вакаліст Віктар Рудэнка. Першае пытаньне даволі традыцыйнае: хто ж вы такія і адкуль вы ўзяліся?”

(Віктар Рудэнка: ) “Працавалі раней у Віцебску. Так атрымалася, што я пазнаёміўся з чалавекам, які жыў ужо ў Менску, але сам быў віцебскі хлопец. Мы вырашылі, што рабіць у Віцебску…”

(Падбярэскі: ) “Няма чаго…”

(Рудэнка: ) “Не, ня ў тым сэнсе, што Віцебск дрэнны горад! Справа ў тым, што ў нашым стаўленьні да жыцьця, да музыкі мы зь ім былі блізкія, і таму вырашылі зрабіць такі праект, які называўся “Чалавек з разынкамі”. Складанасьць была ў тым, што мне неабходна было жыць у Менску, каб працаваць. Я зьбіраўся ў нядзелю, браў гітару, казаў: маман, я еду ў Менск, там у нас будзе рэпэтыцыя. Яна калі першы раз пачула, сказала: якая рэпэтыцыя? Які Менск?! Ведаеце, музыка — гэта такая справа незвычайная, яна вымагае ахвяраў, таму я езьдзіў у Менск кожную нядзелю. А потым вырашыў, што трэба ўжо пераяжджаць у Менск, і падаў дакумэнты ў лінгвістычны ўнівэрсытэт у Менску, здаў іспыты. І так вось дзякуючы музыцы мы й пачалі працаваць тут.

Праект “Далі” зьявіўся тры месяцы таму, калі мы пачалі працаваць з нашым прад’юсарам Юрыем Савашам. Зьмяніўся фармат нашай музыкі, зьмяніліся некаторыя людзі, якія раней з намі працавалі, і цяпер мы робім нешта такое менш шалёнае, але больш прыемнае. Мне здаецца, што ў беларускай музыцы не хапае такой залатой сярэдзіны. Мабыць, ня другасныя былі тыя творы, якія гучалі на адборачным туры на “Басовішча”, але яны збольшага падобныя адзін на аднаго. Але ж музыка павінна быць розная. Неяк нават непрыемна было, што наш гурт не прайшоў, але ж мы ў нейкім сэнсе ведалі, што на “Басовішчы” існуе ўласны фармат, калі гучыць толькі цяжкая музыка, а вясёлай ніхто не выконвае. Аднак вясёлая музыка — гэта вясёлы падыход да жыцьця, а жыцьцё несур’ёзнае, як я ўжо казаў. І трэба быць у пэўным сэнсе несур’ёзным таксама”.

(Падбярэскі: ) “А вось што вы самі паклалі ў аснову музычнай стылістыкі? Ці быў ва ў вас нейкі ўзор альбо вы крочылі ад нейкае ўласнае задумы?”

(Рудэнка: ) “Не, узору, здаецца, не было. Проста мы ўвесь час перарабляем нешта, увесь час шукаем, і таму нават што тычыцца стылістыкі нашых твораў, дык яна вельмі розная. Мне здаецца, што мы пачалі рабіць нешта такое сваё. Цяжка казаць, новае гэта ці не…”

(Падбярэскі: ) “А наколькі сама Ірына Дарафеева, яе прад’юсар Юры Саваш уплываюць на вашую самастойную творчасьць? Ці можна наагул казаць пра вашую самастойнасьць? Гэта, зразумела, пытаньне такое трошачкі нават па-за тактам…”

(Рудэнка: ) “Я лічу, што яны вельмі дапамагаюць. Калі мы працавалі ў стылі “Пікасо” (сьмяецца — Д.П.), у той час у нас не хапала шмат чаго. І вось, дарэчы, прад’юсар Юры Саваш дапамагае ў гэтым сэнсе. Ён — прафэсійны чалавек, які разумее музыку. Цяпер у нас такі асноўны прынцып, што музыка ёсьць добрая і ёсьць дрэнная. А стыль… Гэта ж ужо, ведаеце, можна з папсы лёгка перарабіць у гард-рок, а з гард-року — у папсу. А калі музыка добрая, дык яна будзе гучаць у любым стылі. А дыктату ў нас як такога няма. Такім чынам мы працуем і павышаем якасьць таго, што робім”.

(Падбярэскі: ) “Віктар! Як ты сам думаеш: ці гатовыя вы сёньня выйсьці на маладую беларускую музычную сцэну ў якасьці незалежнай музычнай адзінкі?”

(Рудэнка: ) “Для сольнага канцэрту, здаецца, у нас твораў яшчэ не хапае. Але працаваць на сцэне мы ўжо навучыліся ў пэўным сэнсе. Але ж нават і ў зорак ёсьць недахопы, таму мы ўвесь час і працуем. У Ірыны Дарафеевай мы працуем наступным чынам: калі робіцца які-небудзь яе сольны канцэрт, мы зь ёй працуем два блёкі, а трэці — наш. Мы там іграем амаль што ўсё, ужо як самастойны калектыў, і людзям, здаецца, падабаецца. Дзяўчаты вунь не аднойчы падыходзілі, каб я ім нешта там напісаў на некаторых частках цела…”

(Падбярэскі: ) “Ну, гэта можа адзначаць адно: папулярнасьць да вас ужо прыйшла… Уражаньнямі аб творчасьці менскай групы “Далі” дзеліцца выдавец інтэрнэтаўскага “Тузіна гітоў” Вецер Мэханічны”.

(Вецер Мэханічны: ) “Упершыню пачуць іх давялося сярод тых трэкаў, якія былі прадстаўлены на адбор на “Тузіне гітоў” да “Басовішча”. Гурт “Далі” вылучаўся нейкай не зусім звычайнай для такога складу гуртоў — пераважна мэталічных, цяжкіх, правінцыйных, можа быць, ня надта там і пісьменных — сваёй нейкай прывабнай нестандартнасьцю. У чым я пасьля на канцэрце адборачным на “Басовішча” яшчэ пераканаўся і на ўласныя вушы. Гурт граў вельмі прафэсійна, зладжана, і проста-такі ня верылася, што ён дастаткова малады, музыкі няшмат часу разам граюць, ня маюць за плячыма багатага музычна-канцэртнага матэрыялу. Таксама падкупляюць гумарыстычныя, вясёлыя тэксты, пазытыў, якога дзесьці, камусьці на сёньняшняй беларускай музычнай сцэне не хапае”.

(Падбярэскі: ) “Вольная сцэна” на “Басовішчы” — гэта ўсяго толькі шанец на будучыню. Зазначу, што шанец ня надта вялікі. Што вы думаеце ў такім разе рабіць у будучыні?”

(Рудэнка: ) “Гэта не адзіны фэстываль. Увогуле, у нас было шмат разоў, калі нешта не атрымлівалася, як мы самі лічылі. Але потым мы перагледзелі наш фармат, зрабілі яго больш пазытыўным і ўвесь час працуем. І таму я лічу, што калі не цяпер, дык праз год, праз два мы станем зоркамі. Так вось я сьціпла лічу”.

(Падбярэскі: ) “Ага! Вось і будзем лічыць, што такая сьціпласьць вам у будучыні яшчэ спатрэбіцца ў якасьці нашых зорак…”

(Рудэнка: ) “Не, ну мы ж і сьціплую назву такую ўзялі — “Далі”. А калі ўзялі такую назву, дык варта ўжо быць першымі”.

(Падбярэскі: ) “Яшчэ раз вярнуся да “Басовішча”. У выніку незаўважнага выступу на “Вольнай сцэне” якія могуць быць вашыя рэакцыі? Наколькі гэта паўплывае, на тваю думку, на ваш далейшы творчы рост як — падкрэсьліваю — самастойнай творчай адзінкі, імя якой — “Далі”?”

(Рудэнка: ) “Зоркай пасьля аднаго фэсту стаць немагчыма…”

(Падбярэскі: ) “Так, гэта вы ўжо ведаеце…”

(Рудэнка: ) “Гэта мы ведаем ужо добра! Каб стаць зоркай, трэба сапраўды кожны дзень уставаць і рабіць што-небудзь: працаваць над музыкай, ісьці граць, прыходзіць на радыё, і ўсё гэта — штодзённая праца. І вось гэты фэст — проста невялічкі кавалачак нашай штодзённай працы. І мы будзем працягваць працаваць аж да таго, пакуль ня зробімся зоркамі”.

(Падбярэскі: ) “Тады на заканчэньне. А чаму вы, уласна кажучы, гэтак імкнецеся ўзяць удзел у “Басовішчы”? Ці сапраўды “Басовішча” для вас, як для маладых музыкаў, гэтак шмат значыць?”

(Рудэнка: ) “Пра “Басовішча” мы добра ведаем, і я лічу, што гэта сапраўдны вялікі беларускі фэст. І браць удзел у ім вельмі прыемна. Гэта фэст знакаміты, і на яго прыяжджаюць шмат людзей. Зьбіраемся там аддаць свае запісы на польскае радыё, мабыць, што-небудзь будзе даспадобы. І таму мы лічым, што “Басовішча” таксама нам дапаможа паказаць сваю музыку, мабыць, там у нас зьявяцца некалькі першых фэнаў. А яшчэ польскі прад’юсар Ігар Знык прапанаваў нам прыехаць у Польшчу ў кастрычніку, каб даць некалькі канцэртаў, здаецца, адзін нават у Варшаве. Таму Польшча — гэта такі пункт, дзе трэба быць”.

(Падбярэскі: ) “Добра! Я вам пажадаю, каб усё, што ў вас плянуецца, споўнілася, пажадаю вам быць заўважанымі на “Вольнай сцэне” “Басовішча”, і, думаю, што ў будучыні мы яшчэ сустрэнемся.

Нагадаю, што ўдзельнікам чарговага выданьня “Па-за тактам” быў гітарыст і вакаліст менскай групы “Далі” Віктар Рудэнка. У перадачы прагучалі фрагмэнты ягоных песень “Грай, гармон” і “Не зьяжджайце за мяжу”.
XS
SM
MD
LG