Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Буйны штраф двум актывістам АГП за сход у прыватным доме


Казімер Яноўскі, Чачэрск Старшыня Чачэрскага раённага суду Галіна Каламар аштрафавала двух мясцовых актывістаў Аб’яднанай грамадзянскай партыі Васіля Чытакова і Аркадзя Корхава за правядзеньне на сьвята Купалы несанкцыянаванага сходу ў прыватным доме ў вёсцы Залесьсе.

Акурат надвячоркам 6 ліпеня, калі ў вёсцы Залесьсе сьвяткавалі Купальле, у доме маці Васіля Чытакова сабраліся некаторыя вяскоўцы ды жыхары Чачэрску, каб адзначыць нацыянальнае сьвята і вылучыць ад раёну дэлегатаў на Кангрэс дэмакратычных сілаў.

Сюды ж завіталі міліцыянты, якіх ачольваў намесьнік начальніка райаддзелу маёр Аляксандар Цалка, і людзі ў цывільным. Праз тры дні ў суд і паступілі зь міліцыі два пратаколы пра тое, што Васіль Чытакоў у доме сваёй маці разам з Аркадзем Корхавым арганізавалі несанкцыянаваны сход, не спытаўшы на тое дазволу райвыканкаму.

Старшыня суду Галіна Каламар яшчэ да пачатку паседжаньня назвала Васіля Чытакова парушальнікам. Яна не дазволіла, каб ягоныя інтарэсы як сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі прадстаўляў у судзе намесьнік старшыні абласной арганізацыі гэтай партыі Ўладзімер Кацора. Судзьдзя адмовілася таксама задаволіць хадайніцтва Аркадзя Корхава і перанесьці разгляд ягонай адміністрацыйнай справы ў сувязі з тым, што ён мае патрэбу ў юрыдычнай дапамозе адваката. Чым кіравалася судзьдзя?

(Каламар: ) “Вельмі загружана я працую. Мая калега ў адпачынку, і ў мяне такі вар’яцкі графік, што я не вытрымліваю. Па-другое, яны знаёміліся са справай яшчэ ў пятніцу. Размова ішла пра адваката. Я ім сказала: можаце. Таму час у іх быў”, — заявіла Галіна Каламар.

Як вынік, старшыня суду аштрафавала Васіля Чытакова і Аркадзя Корхава на 510 тысяч беларускіх рублёў кожнага, гэта блізу 240 даляраў. Гаворыць Аркадзь Корхаў:

(Корхаў: ) “Такі штраф для пэнсіянэра страшэнна вялікі. І так пэнсіянэр канцы з канцамі ледзьве сточвае. Калі раней можна было шматок сала зьесьці, то цяпер прыйдзецца перайсьці на кефір і хлеб. Для нас няма Канстытуцыі”.

Судзьдзя Каламар не захацела ўлічыць, што паводле закону пра масавыя мерапрыемствы дазвол на сход трэба прасіць толькі тады, калі яны праводзяцца ў грамадзкіх месцах. Прыватны дом да грамадзкіх месцаў не належыць. Пра гэта нагадаў суду Ўладзімер Кацора. Але Галіна Каламар выдаліла яго з кабінэту за парушэньне парадку ў судзе. Пастанова старшыні суду грунтавалася ў асноўным на сьведчаньнях маёра міліцыі Аляксандра Цалкі. Адсюль і штрафы.

(Чытакоў: ) “Гэтым яны хочуць паказаць: людзі, ня лезьце ў палітыку. За гэта вельмі вялікія штрафы”, — сказаў аштрафаваны на 510 тысяч рублёў сябра АГП з Чачэрску, бацька чацьвярых дзяцей на ўтрыманьні Васіль Чытакоў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG