Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Журналіст Віктар Дзятліковіч сыстэматызаваў гісторыю “N.R.M.” (фота)


Ігар Карней, Менск У менскім выдавецтве “Сучасны літаратар” выйшла кніга, прысьвечаная двум культавым рок-гуртам апошніх двух дзесяцігодзьдзяў. Назоў кнігі “Іх Мроя. Іх N.R.M.” найлепей кажа, пра што і пра каго гаворка.

Аўтарам – Віктар Дзятліковіч, у мінулым журналіст беларускага незалежнага друку, а цяпер рэпартэр расейскага тэлеканалу “Россия”. Віктар, які шмат гадоў рэдагаваў інтэрнэт-старонку “N.R.M”, кажа, што кніга нарадзілася зь сяброўскіх стасункаў зь нязьменным лідэрам гэтых гуртоў Лявонам Вольскім.

Натуральна, што ў краіне, дзе ўлады насьцярожана ставяцца да нацыянальнай рок-музыкі, кніга магла быць выдадзенай толькі ў прыватным выдавецтве. Выйшла яна немалым для Беларусі накладам – 2100 асобнікаў. Праўда, паводле Віктара Дзятліковіча, часу на рэалізацыю ідэі запатрабавалася нашмат болей, чым аўтар для сябе ад пачатку акрэсьліў.

(Дзятліковіч: ) “Праект расьцягнуўся ў часе на шмат больш, чым я разьлічваў. Думаў, што справа простая: паразмаўляў з музыкамі, напісаў, выдаў. Аказалася, што трэба яшчэ задзейнічаць шмат якіх людзей, якія былі ў той сытуацыі, у тым часе, каб зразумець іншы пункт погляду. Урэшце рэшт, калі я спачатку разьлічваў зрабіць гэта за паўгоду, то, нарадзіўшыся, ідэя ўвасобілася толькі праз паўтары гады”.

(Карэспандэнт: ) “Ці можна казаць, што гэта беспрэцэдэнтная праца, нават ў тым сэнсе, што на трох сотняў старонак аналізуецца творчасьць адной каманды?”

(Дзятліковіч: ) “Дагэтуль былі адна ці дзьве кніжкі пра “Песьняроў”, Барткевіч выдаваў свае ўспаміны, але гэта нельга назваць біяграфіяй гурту. Калі мы возьмем заходнія прыклады, там кожны гурт мае ня тое што адну кнігу пра сябе, ён мае дзьве, пяць, ня кажучы ўжо пра каманды кшталту “Rolling Stones” – хто толькі пра іх ня піша! У Беларусі да апошняга моманту не было такой завядзёнкі: мо, падавалася, што беларускія гурты гэтага ня вартыя? Дык вось, мы мусім паказаць: некаторыя беларускія гурты вартыя, каб выдаваць пра іх кнігі і іхныя біяграфіі”.

(Карэспандэнт: ) “Як самі музыкі паставіліся да такой ідэі?”  Dziatlikovich – Дзятліковіч - svaboda.org

(Дзятліковіч: ) “Калі ў мяне нарадзілася такая ідэя, я зь ёй адразу пайшоў да Лявона: давай, маўляў, напішам кніжку. Ён сказаў: “Ну, Віктар, у мяне няма часу, хоць я сам пра гэта думаў. Часу няма, таму гэта ідэя дрэнная”. Я ў адказ: “Навошта табе пісаць? Я сам напішу!” І ўжо пасьля таго, як я ўзваліў гэта на сябе, усё пайшло нармалёва”.

(Карэспандэнт: ) “У прадмове Лявон Вольскі якраз і пачынае: “Віця – наш добры сябра…”. А вось калі б чалавек пісаў пад замову, пад нейкія грошы (ну, прыкладам, журналіст, які б атрымаў такое заданьне), ці была б паміж гэтымі двума стартавымі пазыцыямі прынцыповая розьніца?”

(Дзятліковіч: ) “Калі б да Вольскага прыйшоў чалавек “з вуліцы” і сказаў: давайце заробім грошы на тым, што напішам пра вас кнігу, то гэта была б адна сытуацыя. Калі прыходзіць чалавек і прапануе проста напісаць пра “N.R.M.” кнігу (“адаб’юцца” пры гэтым укладзеныя грошы ці не – ня так важна), гэта справа зусім іншая, гэта шчырае памкненьне папулярызаваць беларускую рок-музыку і ўвогуле пра іх напісаць. Таму калі б да Вольскага зьвярнуўся які-небудзь чалавек і сказаў – давайце гэта зробім толькі дзеля таго, каб зарабіць грошы, то я не перакананы, што вынікам магла б быць кніга, падобная на гэтую”.

(Карэспандэнт: ) “Але ў той жа Расеі, на Захадзе гэта зьява досыць звыклая, нават устойлівая – зарабляць на гучных гуртах, імёнах...”

(Дзятліковіч: ) “Было спадзяваньне, што мы зможам, прынамсі, неяк “адбіць” свае выдаткі. Дарэчы, калі наклад разыдзецца, нейкія грошы мы вернем. Але ад пачатку ставілася ідэя зрабіць прэцэдэнт. Чаму ёсьць кнігі пра “Led Zeppelin”, “Rolling Stones” і нават другасныя расейскія гурты? І чаму ў Беларусі няма кнігі пра “Мрою” і “N.R.M.”, хоць людзі фактычна ўвасобілі ў сябе эпоху?”

(Карэспандэнт: ) “Ці падтрымліваюцца такія ж сяброўскія адносіны зь іншымі музыкамі; ці можна чакаць падобнай біяграфіі пра іншыя гурты?”

(Дзятліковіч: ) “Хутчэй за ўсё, на гэтым і скончыцца. Як камэрцыйны праект кнігі пра іншыя гурты спрэчныя. Як сяброўскі праект? Я не настолькі добра зь імі знаёмы і не настолькі захапляюся іх творчасьцю, каб гэта рабіць”.

(Карэспандэнт: ) “N.R.M., не перабольшваючы, у росквіце сілаў. Ці можа быць працяг гэтай гісторыі?”

(Дзятліковіч: ) “Кніга, насамрэч, завяршаецца не нашымі днямі, недзе 2002-2003 годам. І мы гэта зрабілі наўмысна. Як я напісаў у пасьляслоўі, ня хочацца перарабляць гэтую кнігу ў падручнік па найноўшай гісторыі. І калі сёньняшнія часы перастануць быць найноўшай гісторыяй, магчыма, зробім перавыданьне кнігі, дапісаўшы нейкія гісторыі, апісаўшы, напрыклад, тое, як ствараўся той жа “Дом культуры”, чаго няма ў гэтай кнізе. Зараз занадта шмат уласных уражаньняў у тых людзей, якія гэта бачылі і чулі. Ім няма патрэбы чытаць пра гэта. А вось калі яны ўжо забудуцца пра “Дом культуры”, пра (на дадзены момант) новыя песьні, тады можна будзе казаць і адносна працягу кнігі”.

(Карэспандэнт: ) “Як плянуецца прадаваць кнігу? Ці яна будзе ў вольным продажы ў кнігарнях?”

(Дзятліковіч: ) “Першыя кнігі зьявяцца на фэсьце “Басовішча”, а пасьля мяркуецца яе распаўсюджваць празь сетку недзяржаўных распаўсюднікаў, таму што ва ўсе кнігарні аддаваць, па праўдзе кажучы, няма сэнсу. Але двухтысячны наклад, думаю, толькі першы наклад, бо, спадзяюся, прыхільнікаў творчасьці як “Мроі”, гэтак і “N.R.M.” значна больш за 2000. Пытаньне толькі ў тым, ці будуць яны ўсе кніжку купляць? Але ў любым выпадку думаю, што гэты наклад рэалізуецца вельмі хутка”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі кніга можа каштаваць?”

(Дзятліковіч: ) “Кніга будзе каштаваць дорага, таму што добрая кніга ня можа быць таннай. Яна будзе каштаваць каля сямі даляраў”.

Застаецца дадаць, што кніга “Іх Мроя. Іх N.R.M.” ня толькі расказвае пра гісторыю стварэньня і існаваньня згаданых камандаў. Фанаў чакае прыемная неспадзяванка: у кнізе сабраныя тэксты песень – ад “Мроі” узору 1981 году да альбому “Дом культуры” гурту “N.R.M., выдадзенага ў 2002 годзе.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG