Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Садаму Хусэйну інкрымінуюць забойства 150 мужчын зь вёскі Дуджайл


Юры Дракахруст, Прага Учора адмысловы трыбунал Іраку агучыў першыя абвінавачваньні супраць былога лідэра краіны Садама Хусэйна і трох ягоных паплечнікаў. Ім інкрымінуецца забойства прынамсі 150 жыхароў вёскі Дуджайл у 1982 годзе. Паводле экспэртаў у гэтым эпізодзе прасьцей за ўсё даказаць віну былога дыктатара. Чакаецца, што працэс над Хусэйнам пачнецца ў сярэдзіне верасьня.

Раед Джаўгі, кіраўнік сьледзтва ў справе Садама Хусэйна, учора агучыў першыя абвінавачваньні супраць былога дыктатара.

(Джаўгі: ) "Група сьледчых адмысловага трыбунала абвясьціла вынік расьсьледаваньня ў справе злачынстваў, учыненых у вёсцы Дуджайл у 1982 годзе, дзе прынамсі 150 чалавек былі забітыя і шмат сем''яў былі незаконна затрыманыя".

Разам з Хусэйнам у бойні ў Дуджайлы абвінавачваюцца брат Хусэйна Барзан Аль-Тыкрыці, былы кіраўнік разьведслужбы Іраку, Таха Ясін Рамадан – былы віцэ-прэм''ер ураду Іраку і Авад Хамад Аль-Бандэр – былы галоўны судзьдзя рэвалюцыйнага трыбуналу.

У 1982 годзе ў шыіцкай вёсцы Дуджайл быў зроблены замах на Садама Хусэйна. У адказ сілы бясьпекі абкружылі паселішча і забілі больш за 150 мужчынаў – жыхароў вёскі.

На сумленьні Хусэйна – дзесяткі тысячаў курдаў і шыітаў, забітых у 1980-я і 1990-я гады, але як патлумачыў судзьдзя Джаўгі эпізод з забойствам у Дуджайлы абраны таму, што тут прасьцей за ўсё даказаць віну і забясьпечыць асуджэньне, бо ёсьць дакумэнты і сьведкі.

Дэвід Гартвэл – адмысловец па Блізкім Усходзе з брытанскай выведнай арганізацыі Jane, падкрэсьлівае, што даказанай віны ў бойні ў Дуджайлы дастаткова, каб вынесьці Хусэйну сьмяротны вырак. Калі гэта атрымаецца, далейшы разгляд справы будзе ў прынцыпе непатрэбны. Аднак Дэвід Гартвэл адзначае:

(Гартвэл: ) "Праблема, перад якой могуць апынуцца пракуроры – гэта вызначэньне асабістай адказнасьці Садама за загад рабіць злачынствы. Вызначэньня ланцугу загадаў да самога Хусэйна можа стаць галоўным выпрабаваньнем для абвінаваўцаў".

Шмат людзей ў Іраку чакаюць, што суд над былым дыктатарам, усталяваньне справядлівасьці, паспрыяе зьмене да лепшага ў цяперашняй сытуацыі ў краіне. Брытанскі дасьледчык Дэвід Гартвэл не выключае, што працэс над Садамам палепшыць маральную атмасфэру ў грамадзтве, аднак ён не спадзяецца, што суд акажа істотны ўплыў на ўзброены супраціў.

(Гатвэл: ) "Калі мы мяркуем, што змаганьне вядуць у большай ступені замежныя, чым ірацкія баевікі, то суд над Хусэйнам ня зробіць вялікага ўражаньня на супраціў".

Першыя абвінавачваньні супраць Хусэйна былі агучаныя падчас візыту ў Іран ірацкага прэм''ер-міністра Ібрагіма Аль-Джафары. Прэзыдэнт Ірану Хатамі, сустракаючы госьця, заявіў, што візыт Джафары паможа залячыць раны, нанесеныя Садамам Хусэйнам. А міністар замежных справаў Ірану Камал Харазі выказаў спадзяваньне, што Хусэйну сярод іншага будуць выстаўленыя абвінавачваньні ў злачынствах супраць Ірану. У 1980-я гады Ірак і Іран вялі крывавую вайну, падчас якой ірацкі бок ўжываў хімічную зброю супраць іранцаў.
XS
SM
MD
LG