Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Улады далі беларускім эвангелістам адтэрміноўку


Любоў Лунёва, Менск Менскі гарадзкі суд дазволіў пастару Эрнэсту Сабілу цягам двух месяцаў працягваць пошукі юрыдычнага адрасу і магчымасьці перарэгістраваць Беларускую Эвангельскую царкву. У іншым выпадку рэлігійную арганізацыю ліквідуюць.

Сёньня ў Менскім гарадзкім судзе сабраліся некалькі вернікаў Беларускай Эвангельскай царквы і сябраў Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ. Ініцыяваў суд Менгарвыканкам. Чыноўнікі аддзела ў справах рэлігіі намагаюцца праз суд ліквідаваць рэлігійную суполку пастара Эрнэста Сабілы.

Беларуская Эвангельская царква была зарэгістравана Менгарвыканкамам у 1993 годзе. Жылёвы кодэкс 1999 году забараніў грамадзкім арганізацыям мець юрыдычныя адрасы на прыватных кватэрах. А паводле закону аб рэлігійных арганізацыях ад 2002 году суполкі маюць права зьбірацца выключна ў нежылых памяшканьнях. Беларуская Эвангельская царква гэтых умоваў ня выканала.

У судзе Эрнэст Сабіла заявіў хадайніцтва, каб працэс слухаўся на беларускай мове. Судзьдзя Ала Крапіўка патлумачыла, што не абавязаная размаўляць па-беларуску, пратакол таксама будзе напісаны па-расейску. Пастар заявіў, што для яго гэта пытаньне прынцыповае і патрабаваў, каб у яго быў перакладчык з расейскай мовы.

(Сабіла: ) “Я заўсёды гаварыў і цяпер магу паўтарыць, што ўсё беларускае — гэта маё. Гэта маё сэрца, мае мары, маё жыццё, мае памкненьні… Гэта маё сёньняшняе і заўтрашняе. Гэта мае дзеці, за якіх перажываю, і паклаў сябе на алтар. Хто прымае гэта, хто не, але я такі і застануся, відаць, такім”.

Судзьдзя задаволіла гэтае хадайніцтва.

Прадстаўніца Менгарвыканкаму раптам паведаміла суду, што супрацоўнікі аддзелу ў справах рэлігіі вельмі прыязна ставяцца да пэрсоны Эрнэста Сабілы. Яна распавяла аб тым, што ўсе намагаліся яму дапамагчы і нават самі прасілі Саюз хрысьціян-баптыстаў даць суполцы Сабілы юрыдычны адрас, але атрымалі адмову. Чыноўніца казала, што ім вельмі шкада, але трэба выконваць закон.

Сам сьвятар патлумачыў, што вернікі ня маюць такіх грошай, каб плаціць за арэнду памяшканьня.

Тады судзьдзя папрасіла чыноўніцу дапамагчы пастару. Яна параіла яму зьвярнуцца ў дзяржаўныя структуры. На ўсе гэтыя працэдуры судзьдзя Ала Крапіўка вызначыла тэрмін — два месяцы. Для Эрнэста Сабілы гэта стала нечаканасьцю.

(Сабіла: ) “Гэтага я не чакаў. Неяк судзьдзя паставілася са спачуваньнем і дала магчымасьць шукаць. Я яшчэ буду раіцца з усёй суполкай, ці будзем мы ў Менску шукаць прыхільнікаў з дваццаці чалавек. Ну, калі толькі нам дзяржава дапаможа зь юрыдычным адрасам. У заканадаўстве ёсьць адзін дыскрымінацыйны пункт аб тым, што мы мусім у заяве ўказаць раён нашай дзейнасьці, напрыклад, толькі Менск. Гэта па-антыэвангельску. Бог паўсюль, і Ён абавязывае нас быць сьведкамі ажно да краю зямлі”.

18 верасьня, калі Эрнэст Сабіла знойдзе магчымасьць перарэгістраваць арганізацыю, суд спыніць справу аб ліквідацыі царквы.
XS
SM
MD
LG