Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутат Эўрапарлямэнту Б.Кліх: чарговы віток канфлікту справакаваў Лукашэнка


Алесь Дашчынскі, Менск Рашэньне беларускіх уладаў выслаць другога за апошнія два месяцы польскага дыплямата ня можа спрыяць разьвіцьцю добрасуседзкіх адносінаў паміж Польшчай і Беларусьсю. Пра гэта заявіла прадстаўніца польскай амбасады ў Менску. Як паведамілі ў польскай амбасадзе ў Беларусі, кіраўнік консульскага аддзелу амбасады Анджэй Бучак пакіне тэрыторыю Беларусі ў тэрмін, вызначаны беларускім бокам, а менавіта да 21 ліпеня.

Прэсавы сакратар амбасады Моніка Садкоўска нагадала заяву міністра замежных справаў Польшчы Адама Ротфэльда, які абвінаваціў у пагаршэньні польска-беларускіх дачыненьняў афіцыйны Менск. Цяпер польскі бок аналізуе сытуацыю, і пра дзеяньні ў адказ будзе вядома пазьней.

(Садкоўска: ) “Больш у гэтым сытуацыя не памянялася, і калі будуць нейкія выказваньні, гэта будуць выказваньні нашага МЗС. Чакаем рашэньняў нашага МЗС на гэты конт. Але я думаю, што выпадак з высылкай нашага дыплямата Анджэя Бучка не спрыяе разьвіцьцю добрасуседзкіх адносінаў”.

Кіраўнік дэлегацыі па сувязях зь Беларусьсю ў Эўрапейскім парлямэнце, польскі парлямэнтар Богдан Кліх таксама вінаваціць беларускія ўлады ў распальваньні дыпляматычнага канфлікту.

(Кліх: ) “Чарговы віток канфлікту справакаваны праз кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнку, канфлікт, які сьвядома арганізаваны і заплянаваны рэжымам у Менску. Гэта акцыя, якая павінна падарваць добрыя стасункі паміж палякамі і беларусамі. Лукашэнка шукае ворагаў як унутраных, так і зьнешніх, баючыся масавых народных выступленьняў, такіх, якія прывялі да падзеньня Шэварднадзэ ў Грузіі і Кучмы ва Ўкраіне”.

Паводле спадара Кліха, польскі бок усё ж не павінен адклікаць свайго амбасадара зь Менску, бо ў зьвязку з рэпрэсіямі польская меншасьць у Беларусі мае патрэбу ў ахове амбасадара. Аднак, паводле парлямэнтара Богдана Кліха, польскія ўлады павінны пашырыць сьпіс функцыянэраў рэжыму Лукашэнкі, якім забаронены ўезд на тэрыторыю Польшчы.

Адметна, што беларускі МЗС не называе імёнаў беларускіх дыпляматаў, высланых з Польшчы, але называе імёны высланых польскіх дыпляматаў зь Беларусі. У амбасадзе Беларусі ў Варшаве таксама адмовіліся назваць імёны абодвух высланых беларускіх дыпляматаў. Былы намесьнік міністра замежных справаў Беларусі Андрэй Саньнікаў вінаваціць у распальваньні канфлікту афіцыйны Менск.

(Саньнікаў: ) “Відавочна, што патрэбная канфрантацыя зь нейкіх прычынаў. Калі мы згадаем, як разьвіваўся гэты канфлікт, то ўсе крокі дзеля большай напружанасьці рабіў беларускі бок. Гэта звычайна робіцца, калі ёсьць сур’ёзныя супярэчнасьці ў двухбаковых адносінах. Калі казаць пра іншыя канфлікты, то гэта можа быць напярэдадні нейкіх, магчыма, больш рашучых дзеяньняў аднаго боку датычна другога боку”.

Паводле прэсавага сакратара амбасады Беларусі ў Польшчы Ўсевалада Глушкова, польскія ўлады першымі выслалі ў траўні беларускага дыплямата. Яны патлумачылі гэта ўмяшаньнем беларускіх уладаў у дзейнасьць Саюзу палякаў Беларусі. У адказ беларускі бок выслаў дарадцу польскай амбасады ў Беларусі Марэка Буцьку. Міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд заявіў тады, што справа высылкі спадара Буцькі “ёсьць атакай на амбасаду Польшчы, якая павінна раззлаваць Польшчу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG