Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праверка скаргі С.Завадзкай на дзеяньні амонаўца яшчэ не завершаная


Алег Грузьдзіловіч, Менск Мінуў першы вызначаны законам тэрмін разгляду скаргі Сьвятлана Завадзкай на дзеяньні менскага амонаўца, які зьбіў яе падчас пікету. Які вынік праверкі пракуратуры?

Пракуратура Цэнтральнага раёну Менску яшчэ не завяршыла праверку скаргі Сьвятланы Завадзкай на дзеяньні менскага АМОНу. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў пракурор Цэнтральнага раёну Менску Аляксандар Хадатовіч. Больш ніякіх падрабязнасьцяў пракурор не паведаміў.

(Хадатовіч: ) “Вельмі прыемна чуць беларускую мову, але па тэлефоне аб афіцыйных справах не размаўляю. Праверка яшчэ вядзецца, рашэньне пакуль не прымалася”.

Сьледчы Дзьмітры Лугін, які вядзе праверку, таксама адмовіўся паведамляць падрабязнасьці праверкі. У пракуратуры лічаць, што тэрмінаў праверкі скаргі не парушаюць.

Жонка зьніклага апэратара ОРТ Зьмітра Завадзкага паскардзілася на амонаўца, які ўдарыў яе ў твар падчас разгону акцыі напаміну пра лёс яе зьніклага мужа. Заяву яна аднесла ў пракуратуру Менску 8 ліпеня і разьлічвала не тое, што ў вызначаны законам тэрмін атрымае адказ. Закон дае на разгляд такіх скаргаў 10 дзён, працяг тэрміну дазволены толькі з сур’ёзных прычынаў. Сьвятлана заявіла, што адчувае сябе вельмі разгубленай з прычыны таго, што адбываецца вакол гэтай гісторыі.

(Завадзкая: ) “Маральна вельмі цяжка. Недарэмна людзі потым падаюць на кампэнсацыю маральных стратаў, бо я цяпер — як выціснуты лімон. Быццам мяне ня проста ўдарылі, а забілі. Улічваючы, што разгортваецца гэтая кампанія, што быццам гэта я амонаўцу губу разьбіла… Гэта мяне дабівае канчаткова. Становіцца жахліва жыць у гэтай краіне, ня ведаеш, што рабіць”.

У той жа дзень, як Сьвятлана Завадзкая падала скаргу ў пракуратуру, у гарадзкой міліцыі заявілі, што яна нібыта першая ўдарыла амонаўца і разьбіла яму губу, а ён ў адказ толькі “адмахнуўся”. Пазьней, аднак, было заяўлена, што, калі амонавец парушыў закон, яго могуць звольніць са службы. Ці вядзецца ў міліцыі службовая праверка дзеяньняў амонаўца, які ўдарыў Сьвятлану Завадзкую, не паведамляюць. Дагэтуль не назвалі і прозьвішча гэтага чалавека.

Інцыдэнт са Сьвятланай Завадзкай адбыўся 7 ліпеня на Кастрычніцкай плошчы. У той дзень споўнілася пяць гадоў, як зьнік муж Сьвятланы, апэратар ОРТ Зьміцер Завадзкі. Больш за 20 чалавек сабраліся на плошчы з партрэтамі Зьмітра Завадзкага да іншых зьніклых апазыцыянэраў, але празь лічаныя хвіліны амонаўцы гвалтам разагналі акцыю. Акрамя Сьвятланы Завадзкай, на плошчы быў зьбіты былы дэпутат Валер Шчукін, які таксама зьвярнуўся са скаргай у пракуратуру. Дагэтуль ні Валера Шчукіна, ні Сьвятлану Завадзкую для праверкі скаргаў да сьледчых не выклікалі. Не выклікалі ў пракуратуру і сьведкаў інцыдэнту зь ліку ўдзельнікаў акцыі.
XS
SM
MD
LG