Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Маскве выйшла кніга апошніх аповесьцяў Васіля Быкава па-расейску


Валянціна Аксак, Менск У новы том быкаўскіх твораў, выдадзены маскоўскім выдавецтвам “Вагрыюс”, увайшлі чатыры аповесьці: “Кар’ер” і “Пакахай мяне, салдацік…” у перакладзе на расейскую мову самога аўтара, “Аблава”, перакладзеная ягоным даўнім сябрам Валянцінам Тарасам, і “Аўганец” у перакладзе маладой беларускай літаратаркі Ірыны Шаўляковай. Склаў і падрыхтаваў том беларускі пісьменьнік і выдавец Уладзімер Сіўчыкаў.

Назву кнізе дала апошняя аповесьць народнага пісьменьніка “Аўганец”, якая, дарэчы, таксама выйшла сёлета ў Маскве ў выдавецтве “Время”, але пад іншай назвай — “Час шакалаў” (у перакладзе Натальлі Ігруновай). Гэткім чынам, адзін і той жа твор выдаецца пад двума рознымі назовамі. Некаторыя дасьледчыкі творчасьці Быкава лічаць, што гэткім чынам выдаўцы парушаюць аўтарскае права пісьменьніка. Складальнік тому Ўладзімер Сіўчыкаў так патлумачыў сытуацыю:

(Сіўчыкаў: ) “Гэта была воля аўтара, былі два варыянты, задуманыя ім у свой час. А што тычыць перакладаў, то, калі не памыляюся, існуе яшчэ і пераклад Віктара Ледзянёва. Для тэкстолягаў ці для гісторыкаў перакладу вось гэты момант цікавы, што адна і тая ж аповесьць перакладзеная на адну з суседніх моваў за кароткі час тройчы”.

Выдадзеная 5-тысячным накладам кніга аповесьцяў Васіля Быкава па-расейску прызначаная для чытачоў у Расеі. Аднак складальнік спадзяецца, што частка накладу патрапіць і ў кнігарні Беларусі.

(Сіўчыкаў: ) “Былі, прынамсі, з пачатку году пэўныя складанасьці ў адносінах беларускіх і расейскіх кнігавыдаўцоў і кнігагандляроў, ну але, як паказвае час, з большым ці меншым посьпехам іх удаецца пераадольваць, таму, спадзяюся, і кніжка, на вокладцы якой стаіць назва “Аўганец”, будзе на беларускім рынку”.

Нагадаем, што ў Расеі пачаў нядаўна выходзіць і 14-томны збор твораў Васіля Быкава па-беларуску. Ужо выдрукаваныя першыя тры тамы, якія выдаўцы вырашылі бясплатна перадаць бібліятэкам Беларусі. На радзіме ж пісьменьніка ягоныя кнігі дзяржаўныя выдавецтвы па-ранейшаму не выдаюць.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG