Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Польскія журналісты дапамаглі сваім калегам з “Glosu znad Niemna”


Сяргей Астраўцоў, Горадня Горадню наведалі журналісты з філіі Польскага тэлебачаньня ў Лодзі. Яны арганізавалі збор сродкаў для ўдзельнікаў пікету ў абарону “Glosu znad Niemna”, які адбыўся ў Горадні 6 ліпеня. Пяцёх пікетоўцаў пакаралі штрафамі за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, агулам на суму амаль у 5,5 тысяч даляраў. Гэтыя грошы для гарадзенскіх журналістаў сабралі жыхары Лодзі.

Журналістка з Лодзі Катажына Ягадзіньска гаворыць, што яе калегаў вельмі ўстурбавала тое, што робіцца ў Беларусі і таму яны вырашылі сабраць грошы, каб дапамагчы журналістам “Glosu znad Niemna”.

(Ягадзіньска: ) “На добрую справу мы ня ведаем — што адбываецца ў Беларусі, тыя зьвесткі, якія даходзяць да нас, вельмі частковыя. І калі мы прыехалі, толькі тады даведаліся, што за свабоду слова трэба змагацца, каб мець магчымасьць штосьці гучна сказаць. Мы бачым, што гэта купляецца вялікімі высілкамі. Мы таксама даведаліся тут, што штрафы, якія накладае беларускі суд на журналістаў — гэткія вялікія дзеля таго, каб яны больш не пратэставалі супраць браку свабоды слова”.

Катажына Ягадзіньска гаворыць, што перш за ўсё адгукнуліся на заклік журналісты з іншых рэдакцый горада Лодзі. Бо некаторыя старэйшыя супрацоўнікі яшчэ памятаюць тыя часы, калі ім самім даводзілася змагацца за свабоду слова. Да акцыі збору грошай далучыліся таксама фірмы і жыхары гораду, некаторыя давалі досыць значныя грошы для дапамогі журналістам з “Glosu znad Niemna”, зазначае Катажына Ягадзіньска.

Пра свае ўражаньні гаворыць яе калега Зыгмунд Лапалеўскі:

(Лапалеўскі: ) “Я ўвогуле першы раз у Беларусі. І раней вобраз гэтай краіны, які стварыўся ў мяне дзякуючы польскім мас мэдыя, быў даволі невыразны і троху скажоны. Можа гэта вынікае з адлегласьці. А па прыезьдзе сюды мы пераканаліся, што рэчаіснасьць ёсьць крыху іншая: прыгожая краіна, цудоўныя людзі, але, на жаль, яны ня маюць магчымасьці выказвацца свабодна, так як бы ім гэтага хацелася”.

Зыгмунд Лапалеўскі на месцы больш падрабязна даведаўся пра канфлікт вакол Саюзу палякаў, які стварылі беларускія ўлады. Ён мяркуе, што гэта заплянаваная авантура, разьлічаная на тое, каб раскалоць вялікае асяродзьдзе палякаў Беларусі. Журналіст зазначае, што жыхарам Польшчы цяжка зразумець: як і навошта гэта можа рабіцца, бо ў Польшчы такіх здарэньняў не бывае.

На здымку: журналісты філіі Польскага ТБ у Лодзі: Катажына Ягадзіньска, Кшыштаф Каліноўскі і Зыгмунд Лапалеўскі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG