Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўропа: ваўкі і мядзьведзі прыходзяць на месцы людзей


Натальля Судлянкова, Прага Урбанізацыя й зьніжэньне ўзроўню нараджальнасьці ў Эўропе адбілася на жывёлах кантынэнту.Ваўкі й мядзьведзі перамяшчаюцца на захад Эўропы, іх усё часьцей можна сустрэць блізу населеных пунктаў або нават у межах гарадоў. Прычыны гэтага фэномэну дасьледаваў часопіс Times.

Паводле экспэртаў, да міграцыі жывёлаў фактычна спрычынілася міграцыія людзей. Камэнтуючы гэтыя зрухі, Стэфан Кронэрт, дасьледчык з Бэрлінскага інстытуту насельніцтва й разьвіцьця, адзначае, што ў апошнія гады зачынілася вялікая колькасьць шахтаў і фэрмэрскіх гаспадарак. Людзі, якія там жылі й працавалі раней, пераехалі ў пошуках заробкаў у гарады.

У дадатак у Эўропе рэзка зьнізіўся ўзровень нараджальнасьці, што можа прывесьці да самых нэгатыўных працэсаў у дэмаграфічным разьвіцьці старога кантынэнту. Калі захаваецца сёньняшні ўзровень, дык у 2030 годзе насельніцтва зьменшыцца на 41 мільён чалавек у параўнаньні зь сёньняшняй колькасьцю. 22 з 25 краінаў з самым нізкім узроўнем нараджальнасьці ў сьвеце – гэта краіны Эўропы.

На месца людзей прыходзяць жывёлы. Ваўкі зьніклі з усходняй Нямеччыны прыблізна ў 1850 годзе. І цяпер раптам яны вярнуліся. На думку экспэртаў, яны перайшлі з тэрыторыі Польшчы праз Карпацкія горы і цяпер абжываюць тэрыторыю Саксоніі, дзе раней знаходзіліся палігоны савецкага войска. Біёлягі гавораць, што дзьве вялікія зграі ўжо існуюць на гэтай тэрыторыі, а трэцяя цяпер фармуецца.

У сваю чаргу папуляцыя людзей ва Ўсходняй Нямеччыне ўвесь час зьмяншаецца. Пасьля ўзьяднаньня з Заходняй Нямеччынай амаль мільён чалавек пакінулі свае дамы. Гэтыя людзі накіраваліся шукаць працу ў больш заможнай частцы краіны. Вёскі зьнікаюць, у адной зь іх – Хорн засталіся толькі два чалавекі.

Ваўкі, адзначаюць біёлягі, адчуваюць зьмены ў паводзінах людзей. Так, італьянскія ваўкі пачалі праз Альпы перамяшчацца ў Францыю пасьля таго, як фэрмэры, якім не хапае працоўнай сілы, пачалі пакідаць сваіх свойскіх жывёлінаў без аховы. Іншага выйсьця ў іх ня было, таму што моладзь пакідае вёскі і фэрмэрскія дынастыі спыняюць сваё існаваньне. Ваўкі ўбачылі гэты шанец і перайшлі празь мяжу.

Жывёлы фактычна займаюць тое мейсца, якое вызваляюць людзі – заўважаюць экспэрты. У Славеніі папуляцыя мядзьведзяў павялічылася да 700, але гэта маленькая краіна, і жывёліны даволі часта пачалі сутыкацца зь людзьмі. “Сытуацыя стала настолькі крытычнай – гаворыць адзін з чыноўнікаў славенскага міністэрства сельскай гаспадаркі, што ўлады павінны былі стварыць у некаторых раёнах спэцыяльны аўтобусны маршрут, каб дзеці маглі езьдзіць у школу”. Аднак, мядзьведзі, напэўна, яшчэ больш былі напалоханыя гэтымі сустрэчамі, чым людзі, таму што пачалі эміграваць зь перанаселенай Славеніі у аўстрыйскую правінцыю Карынтыя, адкуль празь недахоп працоўных месцаў пачалася міграцыя жыхароў у іншыя рэгіёны краіны .
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG