Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хто да бунту ахвочы, таму сібер у вочы


Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Новая перадача сэрыі "Магія мовы".

Цяжка дакладна сказаць, калі нарадзілася гэтая прымаўка. Бунтавалі, як вядома, у нас здаўна, і можна дапусьціць, што паходзіць прымаўка з пазамінулага стагодзьдзя.

Сіберам у нас здавён-даўна называлі каляны ўсходні вецер, які, як лічылася, дзьмуў зь Сібіру. Пра гэты край у беларусаў даўняя памяць. Пачынаючы зь Лістападаўскага паўстаньня 1830 году, у той суворы край высылалі спачатку шляхту, потым інтэлігенцыю, потым, ужо за савецкім часам, працоўнае беларускае сялянства, і сёньня ўвесь Сібір засеяны косткамі нашых людзей, а ў гены наступных пакаленьняў быў інфікаваны страх перад любой уладай. У фальклёрным варыянце памяць гэтая знайшла сваё ўвасабленьне ў кароткай прымаўцы: хто да бунту ахвочы, таму сібер у вочы.

Прымавак кшталту далей Сібіру не адправяць у народным фальклёры даволі шмат. Аднак у слоўніках іх ня знойдзеш. Не было іх і тады, калі слоўнікі адкрываліся прымаўкай ад сталінскай навукі мацнеюць маладыя рукі, няма іх і цяпер. Дый як тут згадаеш пра Сібір у адмоўным пляне, калі мы квітнеем зь ім у братнім хаўрусе. Толькі ў адным слоўнічку знайшоў выраз сібірскае здароўе. Мелі там наўвеце зухаватасьць і жалезны арганізм, але мне чамусьці прыгадалася цынга й абмаражэньні 2-ой ступені.

Сёньня многія гісторыкі й палітолягі, шукаючы вытокаў заняпаду беларускай нацыі, згадваюць трыццатыя гады мінулага стагодзьдзя, а між тым заняпад пачаўся значна раней, калі ў Сібір, пасьля паўстаньняў, зьвезьлі хрыбет нацыі – шляхту, і крывавы лёс напісаў у памінальных кантычках беларусаў кароткае й трапнае выслоўе: хто да бунту ахвочы, таму сібер у вочы.
XS
SM
MD
LG