Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Якія "мабільнікі" купляюць палякі


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Мабільныя тэлефоны апошнім часам сталі неад’емнай часткай жыцьця ў большасьці краінаў сьвету, у тым ліку і ў Беларусі. На іх, а таксама на мэлёдыі, аксэсуары ці карцінкі на манітор тэлефону ёсьць свая мода. Якія тэлефоны купляюць суседзі беларусаў – палякі?

Паводле меркаваньняў аналітыкаў тэлефоннага рынку, сёлета палякі набудуць прыкладна 5,5 мільёнаў новых мабільных тэлефонаў - гэта на паўмільёна больш, чым летась. Разьлікі паказваюць, што гэты рынак будзе павялічвацца на 10-15% штогод, таму фірмам, якія робяць "мабільнікі", ёсьць за што змагацца.

Лідэр польскага рынку мабільных тэлефонаў – фірма Nokia - мае намер прадаць сёлета 2 мільёны апаратаў, а фірмы Motorola і Sony Ericsson - па мільёну. Прычым усе гэтыя кампаніі робяць стаўку на продаж мабільных тэлефонаў без сім-лока – гэта значыць, што ў іх можна ўставіць сім-карту любога апэратара.

“Мы будзем працягваць разьвіцьцё альтэрнатыўных каналаў продажу, ня толькі празь сеткі тэлеапэратараў”, - кажа Куба Панцэвіч кіраўнік польскай філіі Nokiа, якая кантралюе 40% польскага рынку мабільных тэлефонаў. Другое месца займае нямецкі Siemens.

Паводле словаў спадара Панцэвіча, кліенты ўсё больш ахвотна купляюць тэлефоны без “сім лока”. У такім выпадку, праўда, трэба плаціць поўную цану за тэлефон, але за тое ня трэба падпісваць умову з апэратарам на вызначаны тэрмін.

Паводле адмыслоўцаў, на павялічэньні колькасьці продажу “мабільнікаў” выйграюць перадусім кампаніі Sony Ericsson і Motorola, якія агрэсіўна змагаюцца за рынак, прапаноўваючы ў сваіх мадэлях ўсё больш разбудаваныя мультымэдыйныя сыстэмы з фотаапаратамі, плеерамі і гульнямі.

Увогуле вытворцы лічаць, што ў бліжэйшыя гады рынак тэлефонаў ня толькі ў Польшчы, але і ва ўсім сьвеце чакае рэвалюцыя, якая станецца эфэктам гвалтоўнга узросту папулярнасьці так званых «смартфонаў», апаратаў, якія спалучаюць функцыі тэлефона і кампутара.

«Людзі ўсё часьцьей хочуць мець сучасныя, больш складаныя і шматфункцыянальныя тэлефоны, з дапамогай якіх можна карыстацца электроннай поштай, мультымэдыямі, захоўваць вялікую колькасьць дадзеных. Мы будзем актыўна рэклямаваць «смартфоны» у Польшчы – імі вельмі цікавяцца», - адзначае Куба Панцэвіч з польскай філіі фірмы Nokiа.
XS
SM
MD
LG