Лінкі ўнівэрсальнага доступу

18 ліпеня 1896 году пад Слонімам прыйшоў на сьвет кампазытар і хормайстар Антон Валынчык…


RFE/RL Сьпярша згадаем пра памятныя падзеі ўчорашняе нядзелі.

17 ліпеня 1399 году пакінула гэты сьвет польская каралева Ядвіга, жонка Вялікага Князя Літоўскага Ягайлы. Іхны шлюб адбыўся пасьля заключэньня Крэўскае вуніі паміж Польшчай і Вялікім Княствам. З гэтага моманту найвышэйшыя кіраўнікі дзяржавы нашых продкаў часьцяком зьяўляліся яшчэ й польскімі каралямі. Заключаная ў Крэве унія дзейнічала ажно чатырыста гадоў – да самых падзелаў Рэчы Паспалітай. А было каралеве Ядвізе напрыканцы ейнага жыцьця ўсяго 25 гадоў. Зрэшты, і замуж у тыя часы выходзілі раней, чым цяпер. Ядвіга ажанілася зь Ягайлам, маючы ўсяго 13 гадоў.

17 ліпеня 1924 году быў уведзены новы адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Беларусі. Краіна дзялілася на 10 акругаў і 100 раёнаў. Новы падзел быў зьвязаны з так званым узбуйненьнем БССР, калі Беларусі былі часткова вернутыя тэрыторыі Віцебскай, Гомельскай і Смаленскай губэрняў.

А яшчэ ў гэты дзень у 1790-м годзе памёр клясык палітэаканоміі шатляндзкі эканаміст Адам Сьміт, а ў 1888-м годзе нарадзіўся ізраільскі пісьменьнік Шмуэль Агнон, які стаў у сваёй літаратурнай галіне нобэлеўскім ляўрэатам.

І цяпер пра сёньняшні каляндар.

18 ліпеня 1896 году пад Слонімам прыйшоў на сьвет кампазытар і хормайстар Антон Валынчык, што кіраваў капэламі ў Клецкай і Наваградзкіх гімназіях, а пасьля вайны працаваў хормайстрам у Маладэчне і Горадні. Антон Валынчык, заслужаны дзяяч культуры Беларусі, пісаў харавыя кампазыцыі на вершы Янкі Купалы, Якуба Коласа ды іншых паэтаў.

18 ліпеня ў розныя гады прыйшлі на сьвет ангельскі раманіст Уільям Тэкерэй, француская пісьменьніца Наталі Сарот, сапраўднае імя якой Натальля Чарняк, і расейскі паэт Яўген Яўтушэнка.

А яшчэ ў гэты дзень у 1909 годзе нарадзіўся Андрэй Грамыка, савецкі дзяржаўны дзяяч, якому ў Беларусі пастаўленыя ажно два бюсты – у Гомелі і ў вёсцы Старыя Грамыкі на Веткаўшчыне, дзе ён нарадзіўся. Пасьля Чарнобыльскае катастрофы гэты бюст застаўся ў адселенай вёсцы адзіным жыхаром.
XS
SM
MD
LG