Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельнікі зьезду ЗБС "Бацькаўшчына" за моцнае культурнае і інфармацыйнае супрацоўніцтва дыяспары і мэтраполіі


Сьвятлана Курс, Менск Сёньня ў Менску скончыў працу IV Зьезд згуртаваньня беларусаў сьвету "Бацькаўшчына", у якім узялі ўдзел больш за 300 дэлегатаў і гасьцей з мэтраполіі і дыяспары. Галоўная тэма Зьезду -- кансалідацыя беларусаў ва ўсім сьвеце ў справе пабудовы дэмакратычнае нацыянальнае будучыні: "Беларусь для дыяспары -- дыяспара для Беларусі".

Дэлегаты ня толькі паставілі амбітную задачу аб''яднаць дзьве часткі нацыі - 4 млн. беларусаў у сьвеце і 10 млн. беларусаў на Бацькаўшчыне, але й распрацавалі шэраг праектаў у стварэньні інфармацыйнай еднасьці паміж мэтраполіяй і дыяспарай, у эканамічным супрацоўніцтве й спонсарстве; прапанавалі культурніцкія і адукацыйных праекты, якія агучыў Алег Рудакоў з Іркуцкага таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага.

(Рудакоў: ) "Гэта стварэньне дыстанцыйнага беларускага Ўнівэрсытэту, помнік змагарам за Незалежнасьць, трэба зрабіць Нацыянальны ўнівэрсытэт за межамі Беларусі, зьвярнуўшыся з гэтым пытаньнем да UNESCO і Эўразьвязу".

Дэлегаты дадалі, што Згуртаваньне беларусаў сьвету "Бацькаўшчына" мае патрэбу ва ўласным будынку з гатэлем і канфэрэнц-заляю, а таксама нагадалі, што беларусы - адзіны народ Эўропы, які ня мае ніводнага коннага помніку нацыянальным героям. А коньнік, маўляў, гэта сымбаль гатовасьці нацыі да абароны свае свабоды й годнасьці.

Анатоль Лябедзька, адзін з прэтэндэнтаў на адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкую пасаду, накідаў перад дэлегатамі плян дзеяньняў палітычнай супольнасьці.

(Лябедзька: ) "Мы павінны прадставіць праграму пазытыўных пераменаў, прадставіць людзям каманду прафэсіяналаў, стварыць адзіны рух, да якога людзі будуць сябе адносіць без заяваў у якую-небудзь партыю, рух з адзіным колерам і брэндам. І наша задача - да восені выйсьці на некалькі мільёнаў носьбітаў інфармацыі, якая даходзіць да людзей".

Ад папярэдніх зьездаў чацьвёрты адрозьніваўся стваральным настроем. Не было сумневаў у лёсе мовы, нацыі, культуры. Абмяркоўвалася пытаньне, што рабіць сёньня і ў пэрспэктыве для адбудовы нацыянальнай дзяржавы і вольнай супольнасьці. Старшыня ТБМ Алег Трусаў адпрэчыў сьцьверджаньні аднае з дэлегатак, што "беларуская мова -- non grata ў Беларусі".

(Трусаў: ) "За апошнія 30-40 год адбыліся калясальныя зьмены. Мы тут зь Вітаўтам Кіпелем згадвалі: тады нават беларуская літаратура выкладалася па-расейску. А летась 73 тысяч вучняў захацелі праходзіць тэставаньне на беларускай, а 72 -- на расейскай. Чыноўнікі напалохаліся, сёлета заданьні ўскладнілі, на беларускую мову менш хвілін на тэставаньне далі, каб моладзь пайшла на расейскую. А моладзь не ідзе. Мы тут павінны быць гаспадарамі, а для таго трэба быць заўважнымі. Я ў маршрутцы прынцыпова гучна і па некалькі разоў прашу спыніцца на нейкім прыпынку. Кіроўцы ніколі не перапытваюць. Цікава, што за мной 2-3 чалавекі аўтаматам пераходзяць на гучную беларускую. Беларус узбадзёрваецца, калі чуе мову. Яна тут гаспадыня".

Дэлегатка з ЗША Лёля Лапіцкая-Касоўская павітала Зьезд ад імя шматлікай і ўплывовай амэрыканскай дыяспары.

(Лапіцкая: ) "Я жыла тут падчас II Сусьветнай вайны, мой бацька быў настаяцелем у чыгуначнай царкве, збудаваў капліцу на вул. Козырава, цяпер гэтай капліцы няма. Мая сям''я заўжды лічыла сябе палітычнымі эмігрантамі. Вітаю вас ад імя Беларуска-Амэрыканскага кангрэсовага камітэту".

Рыта Глыбоўская, прадстаўніца суполкі "Скарына" з Чэхіі, кажа, што дыяспара паўстае скансалідаваная і моцная.

(Глыбоўская: ) "Сабралася шмат беларусаў з усяго сьвету, каб наладзіць стасункі. Галоўнай задачай, пэўна, былі рэзалюцыі, звароты да ўрадаў сьвету й Беларусі, але я канцэнтрую ўвагу сваю і іншых дэлегатаў на тым, каб мацаваць стасункі і ня страчвацца ў вялікім сьвеце".

Арганізатары адзначаюць, што ўпершыню на Зьезд беларусаў сьвету прыехалі прадстаўнікі шэрагу расейскіх арганізацый і суполак, створаных пры падтрымцы цяперашняга ўраду Беларусі. Прытым стала вядома, што напярэдадні зьезду амбасада Беларусі ў Расеі "не рэкамэндавала" суполкам ехаць на Зьезд.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG