Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Пад Нью-Ёркам на 96-ым годзе жыцьця памерла Яніна Каханоўская. “Багдановіч часта насіў мяне на руках і нават расказваў казачкі...” (здымкі сп. Каханоўскай са сваякамі, блізкімі, сябрамі) <b/>


Сяргей Навумчык, Прага У іншых нацыяў лёсы такіх людзей, як Яніна Каханоўская, робяцца сюжэтамі раманаў і кінастужак. Яніна Каханоўская – пляменьніца Антона і Івана Луцкевічаў, ўтваральнікаў БНР. Яна была ў добрых адносінах з Янкам Купалам (іх дамы ў даваенным Менску былі побач), на працягу паўстагодзьдзя была найбліжэйшай сяброўкай Натальлі Арсеньевай. Перапіска Каханоўскай і Арсеньевай – некалькі сотняў лістоў – яшчэ будзе прадметам дасьледваньняў літаратуразнаўцаў і, перакананы, выйдзе асобнай кнігай.

Яшчэ ўчора сярод нас жыла асоба, якая – адзіная ў сьвеце -- магла сказаць, што бачыла Максіма Багдановіча. У траўні 2003 году ў Нью-Ёрку я папрасіў спадарыню Яніну распавесьці пра тую сустрэчу дзяцінства:

(Каханоўская: ) “Маё знаёмства з Максімам Багдановічам так і адбылося, што я была на руках у мамы. А ён прыехаў да нас зь Вільні ў госьці Ракуцёўшчыну, на месяц адпачыць, бо быў хворы на сухоты, лекары яму раілі сьвежае паветра і сьвежае малако. Ён часта мяне насіў на руках і нават расказваў казачкі. Жыў у маленькім дамку паляўнічым, які стаяў у садзе, у якім была зброя паляўнічая ды рыбалоўныя прылады, на рыбу любіў хадзіць. А ў так званым "панскім доме" не хацеў жыць. Насіў чорную бараду для саліднасьці, бо быў вельмі малады, яму было тады 19 год...”

Яніна Каханоўская і Натальля Арсеньнева, Нью-Ёрк, 1991 год

З 1944 году Яніна Каханоўская ў эміграцыі – але сэрцам у Беларусі.

Я ведаў спадарыню Яніну з 1996 году, калі сам разам з Пазьняком апынуўся ў эміграцыі, і што адразу ў ёй уразіла – гэта вострае успрыманьне і палітычных, і літаратурна-культурніцкіх падзеяў, дакладнасьць і арыгінальнасьць ацэнак. Часам яе разважаньніі пра прачытанае падавалася мне значна цікавейшым за сам твор...

На працягу доўгага часу яна працавала ў нью-ёрскім бюро беларускай рэдакцыі радыё “Свабода”, ўдзельнічала ў грамадзкім жыцьці беларускай дыяспары. Не сакрэт -- тысячы, нават сотні тысячаў беларусаў, што апынуліся ў замежжы, ня здолелі перадаць нашчадкам сваю мову нават у першым пакаленьні. Спадарыні Яніне гэта ўдалося, дастаткова сказаць, што сярод яе ўнукаў – сьпявак Данчык, які прызнае надзвычайны ўплыў бабулі на фармаваньне ягонай нацыянальнай сьвядомасьці.

Лёс даў Яніне Каханоўскай доўгае, цяжкае, але і сьветлае, і цікавае жыцьцё. Беларусь ў асобе спадарыні Яніны мае прыклад шчырасьці, сумленнасьці і вернасьці нацыянальнай ідэі.

Зьлева направа А. Шукелойц, Генадзь Бураўкін, Яніна Каханоўская, Павал Андрусышын, Юлія Бураўкіна, Юлія Андрусышына



Багдан Андрусышын і Яніна Каханоўская каля возера блізу гораду Міхельсдорф (Нямеччына), дзе сям''я Каханоўскіх жыла ў лягеры для перасяленцаў у 40-я гады мінулага стагодзьдзя



А. Шукелойц і Янка Запруднік на адзначэньні 90-ці годзьдзя Яніны Каханоўскай, Нью-Ёрк, лістапад 1999 году



Багдан Андрусышын і Яніна Каханоўская, 26-га красавіка, 1997 году. Нью Джэрсі

XS
SM
MD
LG