Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму віцебская моладзь ня ходзіць на “Славянскі базар?”


Браніслава Станкевіч, Віцебск Нават тыя, хто глядзеў адкрыцьцё фэстывалю “Славянскі базар” у Віцебску па тэлевізары, напэўна, заўважылі, што ў залі Летняга амфітэатру амаль не было моладзі. Сёньня эўвечары заплянаваны канцэрт майстроў мастацтваў Беларусі. Ці зьбіраюцца туды маладыя людзі?

Паводле зьвестак прэсавага цэнтру віцебскага фестывалю, сёлета ў “Славянскім базары“ возьмуць удзел 5 тысяч гасьцей з ЗЗ-х краінаў сьвету. Большасьць імёнаў гэтых выканаўцаў нічога ня кажа віцебскай публіцы, а “зорак” знаёмае з тэлевізара расейскае эстрады сёлета будзе ня так ужо й шмат. Не прыехалі ні Ала Пугачова, ні Філіп Кіркораў, ні Мікалай Баскаў, які летась на адкрыцьці фэстывалю дужа эмацыйна абменьваўся букетамі з Аляксандрам Лукашэнкам. А Міхаіл Баярскі, Ірына Алеграва, Валеры Ляонцьеў ды Людміла Гурчанка, што прыехалі сёлета, – гэта той традыцыйны штогадовы пералік артыстаў, якіх слухалі яшчэ бацькі цяперашняга пакаленьня маладых віцяблянаў.

Менавіта гэтай прычынай маладыя людзі тлумачаць сваё нежаданьне хадзіць на фэстывальныя імпрэзы.

(Дзяўчына: ) “Вы маеце на ўвазе гэтыя “папсушныя” канцэрты ў Амфітэатры? Я не зьбіраюся туды хадзіць. Мне гэта не падабаецца. Вось я схадзіла б на “Тэатральныя сустрэчы”, там і білеты па танных коштах, толькі іх разьбіраюць вельмі хутка.”

(Хлопец: ) “Я на канцэрты ісьці сёлета не зьбіраюся. Мне не падабаюцца гэтыя праграмы, яны прызначаныя для дужа сталага ўзросту.”

(Другі хлопец: ) “Што гэта за артысты? Ляонцьеў там... Хіба моладзь такое слухае?”

(Дзяўчына: ) “Мне ня вельмі падабаюцца гэтыя выканаўцы, і ўвогуле я такую музыку ня слухаю. Вось каб прыехалі нейкія фолькавыя гурты, тады б я пайшла. А так, на маю думку, гэта канцэрты для тых, каму ўжо за 50”.

Насамрэч, слухачы і гледачы старэйшага пакаленьня ходзяць на канцэрты фэстывалю дужа ахвотна.У часе ўчорашняга начнога выступу Валерыя Ляонцьева адна кабета так імпэтна кінулася да ўлюбёнага выканаўцы з пацалункамі, што артыста давялося ратаваць службе аховы. Такім чынам, на канцэрты буйнейшых расейскіх зорак білеты паціху раскупляюцца. А на канцэрты зорак меншага маштабу іх часам раздаюць пэнсіянэрам проста так, каб запоўніць залю. Распавядае касырка фэстывальнае касы спадарыня Натальля.

(Натальля: ) “Пэнсіянэрам білеты рассылаюць, вэтэранам – гэта як дабрачыннасьць. Гэта тыя білеты, якія ў нас не разьбіраюцца. Вось суседцы маёй даслалі. Так і будуць запаўняць вольныя месцы.”

Сёньня на “Славянскім базары” Дзень Беларусі. У вечаровым канцэрце маюць выступіць Анатоль Ярмоленка, Анжаліка Агурбаш, Ядзьвіга Паплаўская і Аляксандар Ціхановіч, Васіль Раінчык, ансамблі “Песьняры”, “Верасы”, а таксама вядомая расейская творчая пара – Аляксандра Пахмутава ды Мікалай Дабранраваў. Усе білеты на гэты канцэрт яшчэ не прададзеныя.
XS
SM
MD
LG