Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскі дзяржаўны ўнівэрсытэт імя Францішка Скарыны пазбаўляецца ад дэмакратычных актывістаў


Казімір Яноўскі, Гомель З Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны адлічаны малады актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада, студэнт 3-га курсу філялягічнага факультэту Павал Маджара.

Дэкан філялягічнага факультэту Ўладзімер Бобрык наадрэз адмовіўся камэнтаваць адлічэньне з унівэрсытэту Паўла Маджары.

Намесьнік дэкана Леанід Кузьміч распавёў:

(Кузьміч: ) “У яго вельмі багата было пропускаў, дрэнна хадзіў на заняткі. Я яму гаварыў: глядзі! Яшчэ і тры запазычанасьці. Калі тры запазычанасьці, можна адлічваць. Гэта рэктар ужо вырашае, – кажа намесьнік дэкана філялягічнага факультэту спадар Кузьміч.

Павал Маджара не адмаўляе наяўнасьці ў яго акадэмічнай запазычанасьці:

(Маджара: ) “У мяне было тры няздадзеных экзамэны. Але ж я меў права зьліквідаваць гэтыя запазычанасьці. Апошні тэрмін – 30 жніўня. Іншым давалі накіраваньне, а мне было адмоўлена. Дэканат матываваў гэта тым, што мае дакумэнты на адлічэньне ўжо ў рэктара, – паведаміў Павал Маджара.

Рэктар Аляксандр Рагачоў падпісаў загад на адлічэньне студэнта Маджары за акадэмічную непасьпяховасьць. Аднак гэта няпоўная інфармацыя. Пра тое, што папярэднічала адлічэньню, гаворыць спадар Маджара:

(Маджара: ) “За месяц да гэтага я меў размову з прарэктарам у пытаньнях ідэалягічнай працы Сяргеям Ханенем наконт майго статусу ў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі Грамада. Потым меў размову з чалавекам ў цывільным, які не назваў сябе, але, мяркую, гэта быў куратар нашага унівэрсытэту ад камітэту дзяржаўнай бясьпекі. Ён прапанаваў мне быць інфарматарам, а пасьля таго, як я адмовіўся, ён папярэдзіў, што могуць быць наступствы. Пазьней ужо мой дэкан Уладзімер Бобрык размаўляў з маімі бацькамі, а потым і са мною. Сказаў, калі ня спыніце сваё сяброўства ў БСДП Грамада, то вынік навучаньня будзе відавочным.”

У дэмакратычным асяродку абласнога цэнтру студэнта Маджару ведаюць ня толькі як сацыял-дэмакратычнага актывіста, але і ўдзельніка акцыяў маладзёвага руху “Зубр”.

Зьмену поглядаў у студэнта заўважыў і ўжо знаёмы нам намесьнік дэкана Леанід Кузьміч:

(Кузьміч: ) “Я гляджу, што ягоныя погляды трохі зьмяніліся. Такое ў мяне адчуваньне. Раней, наколькі я ведаю, ён нічым гэтым абсалютна не займаўся. Потым ён пайшоў у акадэмічны адпачынак. Цяпер нейкія там чуткі былі, што ён гэтым займаецца. Але дзе і што, я ня гутарыў зь ім”, – сьцьвярджае прадстаўнік філялягічнага факультэту Леанід Кузьміч.
XS
SM
MD
LG