Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нясьвіскі замак Радзівілаў прызнаны ўсясьветнай каштоўнасьцю


Міхал Стэльмак, Менск Архітэктурна-культурны комплекс рэзыдэнцыі Радзівілаў у Нясьвіжы і Дуга Струвэ ўключаныя ў Сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА. Такое рашэньне прыняла 15 ліпеня сэсія Міжурадавага камітэту аховы ўсясьветнай культурнай і прыроднай спадчыны. Дагэтуль Сьпіс улучаў 788 аб’ектаў, у тым ліку такія вядомыя, як Эгіпэцкія піраміды, Вялікі кітайскі мур, Сабор Парыскай Божай Маці. Два аб’екты месьціліся на тэрыторыі Беларусі: Замкавы комплекс “Мір” і Белавеская пушча.

Паводле зьвестак Міністэрства замежных справаў Беларусі, на разгляд Міжурадавага камітэту было запрапанавана 35 новых кандыдатур на ўключэньне ў Сьпіс усясьветнай спадчыны. У тым ліку архітэктурна-культурны комплекс рэзыдэнцыі Радзівілаў у Нясьвіжы і Дуга Струвэ. Сябры камітэту пагадзіліся з рэкамэндацыяй Міжнароднага камітэту ў справах помнікаў і памятных месцаў і вырашылі ўключыць у Сьпіс гэтыя два аб’екты, што месьцяцца на тэрыторыі Беларусі. Што тычыцца ўключэньня Радзівілаўскага комплексу, то вось што зазначыла на гэты конт вядомая нясьвіская краязнаўца Клаўдзія Шышыгіна-Патоцкая:

(Шышыгіна-Патоцкая: ) “Гэта ж мы столькі чакалі. Самае меншае – два гады чакалі. Гэта для Беларусі цудоўна. Замак вельмі заслугоўвае ўвагі. Ня толькі сваім абліччам, але і тым, што там зьберагалася. Там былі цудоўныя рэчы, багацьце, што можна было параўнаць з каралеўскім дваром у Эўропе”.

Некалькі гадоў таму гэты помнік у Нясьвіжы напаткаў, як вядома, моцны пажар. Паводле спадарыні Шышыгінай-Патоцкай, працэс аднаўленьня і рэстаўрацыі Радзівілаўскага комплексу патрабуе да сябе больш грамадзкай ўвагі:

(Шышыгіна-Патоцкая: ) “Як яны там робяць рэстаўрацыю - выклікае шмат пытаньняў. Там няма дастатковай колькасьці рабочых. Усяго нейкія дзясяткі два. Направа і налева памяшканьні, дзе былі архівы, дзе была радзівілаўская бібліятэка – толькі гэта хочуць зрабіць. А там, дзе катастрафічны пажар усё выпаліў – гэта былі цудоўныя залі Радзівілаў, там яны жылі і там былі ў іх госьці – за гэта не бяруцца і ніхто ня ведае, калі возьмуцца”.

Другі аб’ект, які мае дачыненьне да Беларусі і які сёньня быў уключаны ў Сьпіс усясьветнай спадчыны ЮНЭСКА – Дуга Струвэ – уяўляе сабой найбольш дакладнае і калясальнае градуснае вымярэньне ў сьвеце паверхні Зямлі, якое было зробленае ў ХІХ стагодзьдзі. Геадэзічныя пункты, што выкарыстоўваліся пры вымярэньні, месьцяцца на тэрыторыі 10 краін, у тым ліку Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG