Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У бібліятэцы “Бацькаўшчыны” – пра беларусаў Канады


Валянціна Аксак, Менск Сёньня ўвечары ў Менску ў бібліятэцы Дому літаратара адбылася прэзэнтацыя кнігі Марыі Ганько “Каб сьведчылі пра Беларусь”. Выдадзеная ў сэрыі “Бібліятэка Бацькаўшчыны” кніга распавядае пра складаны шлях аднаго зь дзеячоў беларускае дыяспары ў Канадзе Міколы Ганько і драматычны лёс ягонага брата – сябра Саюзу беларускіх патрыётаў Міхася.

Прэзэнтаваная кніга – шостая ў сэрыйнай бібліятэцы Згуртаваньня Беларусаў Сьвету “Бацькаўшчына”. І калі папярэднія былі прысьвечаныя цэлым беларускім арганізацыям на эміграцыі ці пэўным этапам іхняга жыцьця і змаганьня, то гэтая распавядае пра аднаго чалавека. Прычым распавядае пра яго той, дакладней, тая, якая прайшла поруч ці ня ўсё ягонае жыцьцё на чужыне. Марыя Ганько распавядае пра свайго мужа Мікалая Ганько, знанага дзеяча беларускае дыяспары ў Канадзе. Вось што пра гэтую адметнасьць выданьня сказаў у інтэрвію нашаму радыё рэдактар кнігі Алег Гардзіенка.

(Гардзіенка:) “Я спадзяюся, што гэта толькі першая такая кніжка, і будуць іншыя кніжкі пра дзеячоў нашай эміграцыі”.

Алег Гардзіенка прафэсійна дасьледуе беларускую дыяспару ў Канадзе і гэтым выданьнем вельмі ўсьцешаны. І вось чаму.

(Гардзіенка:) “Адметнасьць кнігі “Каб сьведчылі пра Беларусь” і ў тым, што гэта амаль першая кніга па-беларуску пра беларускае жыцьцё ў Канадзе. Бо да гэтага была кніжка Раісы Жук-Грышкевіч пра свайго мужа Вінцэнта Жук-Грышкевіча, але жыцьцю беларусаў у Канадзе ў ёй ня шмат увагі было нададзена. І была кніжка Янкі Садоўскага “Беларусы ў Канадзе” на ангельскай мове. Цяпер ужо беларускі чытач тут можа прачытаць пра гэтае жыцьцё ў Канадзе. І яшчэ плюс кніжкі ў тым, што аўтарка, Марыя Ганько, ад 1960 году жыла ў Канадзе і была сьведкам гэтага руху ў Таронта, у правінцыі Антарыё, сама брала ўдзел у тых падзеях, пра якія мы можам зь першых вуснаў даведацца”.

Нямала старонак кнігі прысьвечана і жыцьцю беларусаў пад нямецкай акупацыяй, у прыватнасьці, дзейнасьці ў тыя гады Саюзу Беларускае Моладзі. Гэтая кніга распавядае пра злыбеды ў гэты час самога галоўнага героя і трагічны лёс ягонага брата - аднаго зь лідэраў СБМ Міхася Ганько.

Дапоўненая многімі дакумэнтамі і фотаздымкамі, кніга Марыі Ганько “Каб сьведчылі пра Беларусь” будзе цікавая ня толькі дасьледчыкам, але і ўсім тым, каму неабыякавая гісторыя беларускага вызвольнага руху і лёс ягоных дзеячоў.
XS
SM
MD
LG