Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лічбавае радыёвяшчаньне


Сяргей Шупа, Прага Сёньня мы паспрабуем зазірнуць у недалёкую будучыню і агледзець пэрспэктывы новых радыётэхналёгіяў. Тэма выпуску – дыгітальнае або лічбавае радыёвяшчаньне.

Адразу зазначу, што тэрмінам лічбавае радыё часта называюць розныя рэчы, якія да лічбавага радыёвяшчаньня ня маюць дачыненьня. Паспрабуем тут разабрацца. Лічбавым прыймачом часам называюць радыёпрыёмную прыладу зь лічбавай настройкай – калі ціскаюць на кнопкі замест таго, каб круціць колца настройкі. Але прыманы сыгнал ад гэтага лічбавым ня робіцца. У некаторых высокаякасных прыймачах ёсьць таксама лічбавы працэсар сыгналу, які дазваляе з гэтым сыгналам рабіць розныя цікавыя рэчы, але пры гэтым мы ўсё адно застаемся, так сказаўшы, у аналягавым радыёасяродзьдзі.

Што ж такое сапраўднае лічбавае радыёвяшчаньне? Ня буду перагружаць слухачоў залішняй тэхнічнай інфармацыяй і паспрабую абмаляваць гэтую тэму ў самых агульных выразах.

Лічбавае радыёвяшчаньне будуецца на тым прынцыпе, што звычайны, аналягавы сыгнал закадоўваецца ў лічбавы і ў такім выглядзе высылаецца перадатчыкам. Адмысловы прыймач гэты закадаваны сыгнал раскадоўвае, і ў выніку сыгнал даходзіць да слухача у вельмі высокай якасьці, бо лічбавая інфармацыя на шляху ад перадатчыка да прыймача застаецца тая самая – на яе не ўплываюць ніякія звычайныя для аналягавага радыё перашкоды – атмасфэрныя, індустрыйныя ці якія іншыя.

Але і тут гаворка можа ісьці пра розныя рэчы.

Па-першае – існуе лічбавае радыёвяшчаньне праз спадарожнік. У Злучаных Штатах працуюць сыстэмы ХМ Radio i Sirius Radio, а ў Эўропе выкарыстоўваецца стандарт DAB (Digital Audio Broadcasting). Экспэрымэнтальнае вяшчаньне ў стандарце DAB вядзецца ад сярэдзіны 90-х гадоў у бальшыні эўрапейскіх краінаў. Для вяшчаньня ўжываюцца звышвысокія частоты – ад 174 да 240 мэгагерц і гэтак званы L-дыяпазон – ад 1452 да 1491 мэгагерц. Сыгнал DAB звычайна прымаецца ў межах краіны вяшчаньня.

Яшчэ адзін стандарт – дыгітальная тэлевізія DVB (Digital Video Broadcasting), празь якую перадаюцца і радыёпраграмы. Апрача спадарожнікаў для перадачы сыгналу ў стандартах DAB i DVB выкарыстоўваецца наземная вяшчальная тэхніка, а таксама кабэльныя сыстэмы.

На перадачы радыёсыгналу праз тэлеспадарожнікі я падрабязьней спыняцца ня буду – уладальнікі сыстэмаў спадарожнікавага тэлепрыёму могуць прымаць радыёпраграмы гэтаксама, як і тэлевізійныя – можна нават не ўлучаць тэлевізар, а падаць сыгнал з выхаду цюнэра на любую аўдыёсыстэму.

Для прыёму наземнага лічбавага вяшчаньня патрэбныя адмысловыя прыймачы. Дарэчы, лічбавае наземнае тэлевяшчаньне пачалося ў канцы мінулага году і ў Менску, а менскі Інстытут Лічбавай Тэлевізіі “Гарызонт” рыхтуе да выпуску адпаведны прыймач.

Урэшце, існуе яшчэ адзін стандарт лічбавага радыёвяшчаньня, які адрозьніваецца ад іншых тым, што перадача сыгналу ў ім ажыцьцяўляецца на кароткіх, сярэдніх і даўгіх хвалях. Гэта – DRM (Digital Radio Mondiale). Галоўнае адрозьненьне яго ад іншых стандартаў палягае ў тым, што ён дазваляе прымаць сыгнал блізкі якасьцю да сыгналу ў дыяпазоне FM, але пры гэтым прымаць гэты сыгнал можна за сотні і нават тысячы кілямэтраў ад перадатчыка – гэтак сама як мы цяпер слухаем перадачы аналягавага радыёвяшчаньня на кароткіх і сярэдніх хвалях.

Дакладней кажучы, DRM – гэта назва міжнароднага кансорцыюму, які ўзьнік у сярэдзіне 90-х гадоў і ў які ўвайшлі вядучыя радыёвяшчальныя карпарацыі (гэткія як BBC або Deutsche Welle) і вытворцы радыётэхнікі. Кансорцыюм паставіў сабе за мэту дыгіталізацыю – пераход на лічбавае радыёвяшчаньне – у дыяпазонах частотаў ніжэйшых за 30 мэгагерцаў – гэта значыць на кароткіх, сярэдніх і даўгіх хвалях.

Дзясяткі краінаў сьвету вядуць экспэрымэнтальнае радыёвяшчаньне ў стандарце DRM – за тысячы кілямэтраў ад перадатчыка можна слухаць перадачы ў якасьці блізкай да FM-най, разам з аўдыёсыгналам перадаецца і тэкставая інфармацыя, якая зьяўляецца на дысплэі прыймача. Можна было б спадзявацца, што пераход DRM-вяшчаньня з экспэрымэнтальнага на спажывецкі ўзровень станецца рэвалюцыяй у радыёсьвеце, створыць канкурэнцыю FM-у і ўдыхне новае жыцьцё ў кароткія і сярэднія хвалі, якія цяпер слухае ўсё менш і менш людзей. Аднак для гэтага застаецца вырашыць адну складаную задачу: распрацаваць якасны прыймач даступнага кошту.

Дарэчы, дадатковым стымулам для выбару сёньняшняй тэмы стаўся ліст нашага слухача Ігара, які папрасіў не называць яго прозьвішча ў эфіры. Ігар пытаецца – дзе і якім чынам можна купіць DRM-прыймач, а таксама ці вяшчае ў гэтым стандарце наша радыёстанцыя.

Адказваю на Ігаравы пытаньні. Ніводная служба Радыё Свабода / Радыё Свабодная Эўропа пакуль што ня мае DRM-вяшчаньня. Прычына ў адсутнасьці слухачоў – бо на сёньняшні дзень самы танны DRM-прыймач нямецкай фірмы Mayah (www.mayah.com) каштуе каля 800 эўра. Кансорцыюм DRM паставіў сабе за мэту распрацаваць прыймач, які б каштаваў ня больш чым на 25 даляраў даражэй за адпаведны аналягавы прыймач. Пакуль што невядома – калі гэтая мэта будзе дасягнутая.

Існуе, праўда, яшчэ адна магчымасьць слухаць радыёперадачы ў стандарце DRM – выкарыстоўваючы адмысловыя кампутарныя праграмы. Падрабязьней пра гэта можна прачытаць на сайтах:

http://www.drmrx.org/ http://drm.sourceforge.net/
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG