Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці пусьціць Турэччына на сваю тэрыторыю Лідзію Ярмошыну?


Алесь Дашчынскі, Менск У турэцкай амбасадзе ў Беларусі пакуль не камэнтуюць заяву старшыні Цэнтарвыбаркаму Лідзіі Ярмошынай аб намеры паехаць на адпачынак у Турэччыну.

Ці падтрымлівае Турэччына забарону на ўезд у Эўропу шэрагу беларускіх чыноўнікаў, якая ў мінулым годзе была ўведзеная Эўразьвязам, і ці патрапіць на турэцкую тэрыторыю дзеля адпачынку старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына, якая таксама ўключаная ў сьпіс неўязных? З гэтым пытаньнем я зьвярнуўся ў амбасаду Турэччыны ў Менску. Аднак прадстаўніца амбасады адказаць на яго адмовілася і параіла зьвярнуцца па тлумачэньне ў беларускае міністэрства замежных справаў.

У сваю чаргу, кіраўніца прэсавай службы беларускага зьнешнепалітычнага ведамства Марыя Ваньшына адаслала да турэцкіх дыпляматаў.

(Ваньшына: ) “Гэта іх пытаньне, а ня наша. Выедзенага яйка ня вартае гэтае пытаньне. Ці мала хто куды едзе? Да прыватных паездак МЗС ніякага дачыненьня ня мае. Яна зьбіраецца ехаць у адпачынак, дык а мы тут пры чым?”

У інтэрвію “Комсомольской правде в Беларуси” старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына заявіла, што зьбіраецца паехаць у адпачынак у Турэччыну, маўляў, калі яе не пускаюць у Эўрапейскі Зьвяз з прычыны візавых санкцый, то яна ў другі раз накіруецца ў Турэччыну. Гэтую інфармацыю таксама пацьвердзілі ў Цэнтарвыбаркаме. Сакратар Цэнтральнай камісіі Мікалай Лазавік сказаў, што старшыня Лідзія Ярмошына ўсур’ёз зьбіраецца ў Турэччыну.

(Лазавік: ) “Я думаю, тут праблем асаблівых не павінна ўзьнікнуць. Чаўнакі ж нашы свабодна езьдзяць туды і назад. Той, хто адпачывае, таксама едзе на курорты Турэччыны. Так што праблем тут не павінна быць. У верасьні яна зьбіраецца ў адпачынак і плянуе зьезьдзіць на пару тыдняў, як там пуцёўка будзе. Будзем спадзявацца, што ня будуць выдзяляць аднаго чалавека і для яе будзе нейкае абмежаваньне, ня думаю, што там так зробяць”.

Нагадаю, старшыня Цэнтарвыбаркаму Беларусі Лідзія Ярмошына пасьля апошняй выбарчай кампаніі трапіла ў сьпіс афіцыйных асобаў Беларусі, якім забаронены ўезд у краіны Эўразьвязу. Яна апынулася ў сьпісе неўязных, складзеным Эўразьвязам, як адказная за фальшаваньне парлямэнцкіх выбараў і рэфэрэндуму 17 кастрычніка 2004 году. Нагадаю, ад верасьня летась у гэты сьпіс спачатку патрапілі кіраўнік прэзыдэнцкай адміністрацыі Віктар Шэйман, экс-міністар спорту Юрый Сівакоў, афіцэр спэцаддзелу Дзьмітрый Паўлічэнка ды міністар унутраных справаў Уладзімер Навумаў. Гэтыя чыноўнікі фігуруюць у дакладзе Хрыстаса Пургурыдэса і лічацца ключавымі дзейнымі асобамі ў зьнікненьнях апазыцыянэраў. Адначасова з Лідзіяй Ярмошынай у сьпіс неўязных на тэрыторыю Эўразьвязу патрапіў таксама камандзір менскага АМОНу Юры Падабед, якога вінавацяць у разгоне мірных акцыяў пратэсту. У дэклярацыі Эўразьвязу за 27 верасьня 2004 году гаворыцца, што Эўразьвяз лічыць прысутнасьць гэтых асобаў на публічных сустрэчах ва ўстановах Эўрапейскага Зьвязу ці ў ягоных дзяржавах-сябрах непрымальным.

Да гэтай заявы ад імя 25 краін Эўразьвязу тады далучыліся таксама Баўгарыя, Румынія, Турэччына, Харватыя, Альбанія, Босьнія й Герцагавіна, Македонія, Сэрбія й Чарнагорыя, Ісьляндыя, Ліхтэнштэйн і Нарвэгія. Эўрапейскі зьвяз паабяцаў зрабіць усе неабходныя захады, каб прадухіліць уезд або транзыт праз сваю тэрыторыю згаданых чыноўнікаў зь Беларусі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG