Лінкі ўнівэрсальнага доступу

12 лютага 1920 году была падпісаная літоўска-савецкая дамова, паводле якой чвэрць Беларусі перадавалася Літве


RFE/RL 12 ліпеня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваюць Пятра і Паўла. Канец пятроўскага посту. Самы час нарыхтоўкі сена. «Сьвяты Пётра ў косы звоніць, сьвяты Паўла граблі робіць», -- казалі нашыя продкі.

У такі самы дзень 100 гадоў да Хрыстовага нараджэньня прыйшоў на сьвет Гай Юлі Цэзар, рымскі палкаводзец і дыктатар. А ў 1892 годзе нарадзіўся пісьменьнік Бруна Шульц. Быў ён габрэйскага паходжаньня, на сьвет зьявіўся ва Ўкраіне, але лічыцца польскім пісьменьнікам. Доўгі час Шульц быў забыты, але сёньняшнюю ягоную папулярнасьць у Польшчы можна параўнаць хіба што з папулярнасьцю Адама Міцкевіча.

12 ліпеня 1914 году прыйшоў на сьвет савецкі кінаартыст, кумір публікі Пётар Алейнікаў. Былі такія фільмы “Сямёра сьмелых“ і “Трактарысты“. Але мусіць і ў тыя часы мала хто ведаў, што Алейнікаў -- беларус. Ён нарадзіўся ў вёсцы Крывель Шклоўскага раёну і нават сыграў у беларускім фільме, які так і называўся -- “Беларускія навэлы“. Фільм 1942-га году.

Лаўрэнці Абэцэдарскі -- славуты зьнішчальнік гістарычнай праўды -- таксама нарадзіўся 12 ліпеня, у 1916 годзе. Гісторыю Беларусі ён разглядаў як частку гісторыі Расеі і “падцягваў“ гістарычныя факты пад гэтую сваю канцэпцыю. Абэцэдарскі нават напісаў прапагандысцкую кніжачку “У сьвятле неабвержных фактаў“, дзе даказваў, што беларусы былі заваяваныя літоўцамі, што яны ніколі ня мелі ўласных дзяржаўных утварэньняў і г.д. Кніжачка была досыць папулярнай сярод студэнтаў, якія чыталі яе нібы “наадварот“ і такім чынам дазнаваліся праўдзівую гісторыю свае краіны.

12 лютага 1920 году была падпісаная літоўска-савецкая дамова, якую гісторык Кастусь Тарасаў назваў цынічным гандлем беларускімі тэрыторыямі з боку бальшавіцкага ўраду РСФСР на карысьць Літвы. Падпісаная Масквой дамова мела правесьці мяжу паміж Літвой і РСФСР амаль пасярэдзіне Беларусі, аддаючы гарады Горадню, Слонім, Ліду, Маладэчна, Смаргонь, Ашмяны ды іншыя. БССР у гэтай дамове наогул ня згадвалася. Яе зямля лічыліся расейскай уласнасьцю.

12 лютага ў розныя гады прыйшлі на сьвет францускі псыхоляг Клёд Бэрнар, італьянскі мастак Амадэа Мадыльяні, чылійскі паэт Пабла Нэруда, які атрымаў Нобэлеўскую літаратурную прэмію, амэрыканскі піяніст Харві Ван Клайбэрн і расейскі штукар Эміль Кіо.
XS
SM
MD
LG