Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нягледзячы на рашэньне Варшавы аб высылцы, беларускі дыплямат працягвае працаваць у Польшчы


Аляксей Дзікавіцкі, Прага Намесьнік амбасадара Беларусі ў Польшчы Максім Рыжанкоў, нягледзячы на рашэньне польскіх уладаў аб ягонай высылцы з краіны, дагэтуль працуе ў Варшаве. МЗС Польшчы тлумачыць гэта “асабістымі матывамі”, якія ўтрымліваліся ў просьбе Рыжанкова працягнуць ягонае знаходжаньне ў Польшчы, у сваю чаргу сябры камісіі ў справах замежнай палітыкі Сэйму сьцьвярджаюць, што далейшую прысутнасьць беларускага дыплямата ў Польчшы нельга ніяк апраўдаць.

Сёлета ў траўні, пасьля таго, як беларускія ўлады выслалі з краіны першага намесьніка амбасадара Польшчы ў Беларусі Марка Буцько, абвінаваціўшы яго ў “захадах, накіраваных на дэстабілізацыю беларускага грамадзтва”, польскі МЗС заявіў, што ў адказ дае месяц на выезд з Польшчы Максіму Рыжанкову – дарадцу-пасланьніку амбасады Беларусі ў Польшчы.

Спадар Рыжанкоў меўся пакінуць польскую тэрыторыю да 19 чэрвеня, але дагэтуль працуе ў Варшаве. У чым справа? Вось што сказаў нашаму радыё прэсавы сакратар МЗС Польшчы Аляксандар Хэцька.

(Хэцька: ) “У дадзеным выпадку вырашальнае значэньне мелі асабістыя, чалавечыя матывы. Дыплямат зьвярнуўся з асабістай просьбай. У кожнага складаецца па-рознаму, калі ён выяжджае ў іншую краіну, але мы толькі на некаторы час працягнулі ягонае знаходжаньне ў Польшчы. Рашэньне прынятае, і няма гаворкі, каб яно не было выкананае. Гэта толькі пытаньне часу. Скажу шчыра, што гэтае рашэньне магло б быць перагледжанае ў выпадку, калі б былі выкананыя патрабаваньні польскага боку што да Саюзу палякаў. Гэта для нас галоўнае”

(Карэспандэнт: ) Ці значыць гэта, што Вы даяце беларускім уладам шанец?

(Хэцька) “Я ня ведаю ці шанец - гэта адпаведнае слова ў дадзеным выпадку, бо гаворка ідзе пра два бакі, якія павінны ставіцца адзін да аднаго па-партнэрску. Як вашыя слухачы, напэўна, ведаюць, на мінулым тыдні адбылася польска-беларуская сустрэча на высокім узроўні. Наколькі мне вядома, размова мела дзелавы характар і ёсьць надзея, што такія сустрэчы працягнуцца. Справы, якія выклікаюць эмоцыі і зацікаўленьне мэдыяў павінны адысьці на другі плян, а бакі мусяць вырашаць сапраўдныя праблемы па-партнэрску, каб палепшыць нашыя дачыненьні”.

Між тым намесьнік старшыні парлямэнцкай камісіі ў справах замежнай палітыкі Марэк Юрэк лічыць, што далейшае знаходжаньне беларускага дыплямата ў Польшчы нельга ніяк апраўдаць. Спадар Юрэк заявіў нашаму радыё:

(Юрэк: ) “Гэта абсалютна незразумелыя і дзіўныя захады, якія супярэчаць прынцыпам павагі дзяржавы да самой сябе. Невыдаленьне беларускага дыплямата, які займае пасаду адпаведную той, што займаў Марэк Буцька ў Менску, стварае сытуацыю як быццам мы даем дазвол на парушэньні правоў чалавека ў Беларусі – урад Лукашэнкі адчувае сябе беспакараным. Гэта вельмі няправільна. Калі хопіць часу перад выбарамі, то мы ўздымем гэтае пытаньне ў парлямэнце”.

У сваю чаргу былы амбасадар Польшчы ў Беларусі Марыюш Машкевіч у інтэрвію газэце “Rzeczpospolita” заявіў, што ў дадзеным выпадку палітыка польскага МЗС - гэта “дыпляматычная гульня”.

Паводле ягоных словаў, Польшча ня хоча абвастраць сытуацыю, бо Беларусь - гэта суседняя краіна, там жыве шмат палякаў, ёсьць гаспадарчыя сувязі.

“Выдаленьне дыплямата ня мае вялікага стратэгічнага значэньня. Польшча павінна дбаць, каб яе голас ў Эўразьвязе быў значны і выразны, таму Варшава павінна захоўваць спакой і раўнавагу і не паддавацца на правакацыі”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG