Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыста Нікель: “Пакуль у Беларусі няма прагрэсу ў галіне правоў чалавека, кантракты на пашыў нямецкай паліцэйскай уніформы могуць быць замарожаныя”


Ул. інф. Некалькі тыдняў таму “Свабода” расказала пра рэпартаж нямецкай тэлевізіі ZDF “Уніформа ад дыктатара” — размова ішла пра выраб у беларускім Дзяржынску спэцадзеньня для нямецкіх сілавых структураў, а таксама давалася ацэнка палітычнай сытуацыі ў Беларусі і ставілася пытаньне, наколькі сумяшчальныя палітычная блякада “апошняй эўрапейскай дыктатуры” і падобныя эканамічныя стасункі.

Камэнтуючы сюжэт, прэзыдэнцкая газэта “Советская Белоруссия” паставіла пытаньне: “Хто хоча пазбавіць працы жанчын зь Дзяржынску?” Паводле вэрсіі газэты, ва ўсім вінаватыя “варожыя” журналісты.

Тым часам, ні журналісты, ні палітыкі Нямеччыны ня ставяць кропкі ў гэтае дыскусіі. Як перадае ў сваім рэпартажы ангельская служба тэлерадыёкарпарацыі “Deutsche Welle” (German Police Uniforms Made in Belarus www.dw-world.de), нямецкія праваабаронцы крытыкуюць уласны ўрад за тое, што выступаючы за абмежаваньне дыпляматычных стасункаў зь Беларусьсю, ён купляе паліцэйскую ўніформу ў “апошняй дыктатуры Эўропы”. Прапануем вашай увазе пераказ гэтага сюжэту ў скароце.

Вось ужо дзесяць гадоў кашулі для нямецкіх паліцыянтаў вырабляюць на беларускіх фабрыках. Кіраўнік вытворчасьці ў Дзяржынску Вольга Трусевіч з гонарам кажа пра замову зь Ніжняй Саксоніі на некалькі тысяч кашуль. Замова будзе гатовая праз тыдзень. На Дзяржынскай швейнай фабрыцы працуюць болей за 1000 жанчын — з раніцы да позьняга вечара. Штомесяц яны зарабляюць прыблізна 120 эўра. Іхныя кашулі каштуюць нямецкім паліцыянтам каля 9 эўра за штуку — кошт, як кажуць, па-за канкурэнцыяй. Паводле кіраўніцтва фабрыкі, Дзяржынск апранае паліцыю ўсіх 16 нямецкіх фэдэральных земляў, а яшчэ мытнікаў, памежнікаў, бундэсвэр.

Дэпутатка Будэстагу Крыста Нікельс, якая адказная за правы чалавека ў нямецкім парлямэнце і якая неаднойчы зьвяртала ўвагу на працяглае парушэньне правоў чалавека ў Беларусі, перакананая, што такія кантракты найперш прыносяць выгаду Аляксандру Лукашэнку. Ён мае поўны кантроль над эканомікай і краінай. Парлямэнт Беларусі не заслугоўвае гэтай назвы. Праціўнікі Лукашэнкі перасьледуюцца. Сам Лукашэнка як паліцэйскі генэрал, як дыктатар — так яго цяпер называюць.

Як перадае “Deutsche Welle”, у самім Дзяржынску, які названы так у гонар заснавальніка КДБ, пануе атмасфэра страху. Пачуцьцё страху можна адчуць таксама і на фабрыцы. Людзі тут кажуць, што маглі б працаваць болей, калі б краінай кіраваў не дыктатар кшталту Лукашэнкі.

Дырэктар фабрыкі Васіль Раманаў кажа: “Мы маглі б прыцягнуць шмат іншых замоваў у нашу краіну, калі б сытуацыя была адрознай ад той, што мы маем цяпер”. Дырэктар на гэтым змаўкае і завяршае інтэрвію.

Паводле “Deutsche Welle”, і бундэсвэр, і кіраўніцтва мытні і паліцыі ведаюць сытуацыю. Аднак танная ўніформа больш важная. Што могуць сказаць пра гэтыя сумнеўныя сувязі тыя ж мытныя ўлады? Нямецкі Мінфін, адказны за кіраўніцтва нямецкай мытні, лічыць, што ўвядзеньне ўсялякіх абмежаваньняў толькі парушыць правілы разьмеркаваньня фінансаваньня. Нямецкае міністэрства абароны ўвогуле ня хоча ўздымаць гэтага пытаньня.

Што да палітыка Крысты Нікельс, то, паводле яе, замарожаныя палітычныя стасункі Бэрліна зь Менскам і адначасныя замовы на ўніформу ёсьць зьявай недапушчальнай. Яна лічыць, што сытуацыю трэба трымаць пад кантролем: “Пакуль у Беларусі няма прагрэсу ў галіне правоў чалавеку, кантракты да паляпшэньня агульнай сытуацыі могуць быць замарожаныя”.

Тым часам Марцін Нап зь нямецкай гандлёва-прамысловай палаты перакананы, што такія захады ўнесьлі б пэўныя праблемы ў добрыя двухбаковыя эканамічныя стасункі. Ён зьвяртае ўвагу на той момант, што ў Беларусі цяпер працуюць многія вялікія нямецкія карпарацыі, і ў іх могуць узьнікнуць цяжкасьці. “Вядома, у галіне міжнароднай палітыкі ў якасьці пэўных інструмэнтаў выкарыстоўваюцца санкцыі і эмбарга. Аднак міжнародныя інстытуцыі кшталту Эўразьвязу і ААН выкарыстоўваюць іх вельмі асьцярожна”.

Паводле беларускага амбасадара ў Бэрліне Ўладзімера Скварцова, адзін з прыярытэтаў у працы гэтай дыпмісіі — прыцягнуць як мага больш замежных інвэстараў у Беларусь. Уладзімер Скварцоў настойліва выступае супраць эканамічных санкцыяў: “Я супраць любой формы санкцыі, незалежна ад таго, якая гэта галіна. Праз забароны ніколі нічога не дасягалі. Калі б мы рухаліся ў такім кірунку, Нямеччына таксама панесла б значныя страты”. Уладзімер Скварцоў дае ўскосна зразумець, што падобныя захады будуць мець малы эфэкт што да Лукашэнкі. Але гэта сур’ёзна закране людзей, якія працуюць на фабрыцы.
XS
SM
MD
LG