Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомелі актывістка грамадзкага руху “Разам” аспрэчвае сваё звальненьне з краязнаўчага музэю


Казімер Яноўскі, Гомель У Цэнтральным судзе Гомеля распачаты разгляд двух пазоваў актывісткі грамадзкага руху “Разам” Марыі Багдановіч да дырэкцыі абласнога краязнаўчага музэю наконт пакараньня і аднаўленьня на працы. Як малодшы навуковы супрацоўнік музэю спадарыня Багдановіч была звольненая з працы ў чэрвені пасьля трэцяй вымовы.

Прадстаўнік музэю ў судзе Валер Дамасканаў не пагадзіўся прызнаць патрабаваньні Марыі Багдановіч наконт аднаўленьня яе на працы. Адмаўляе ён і палітычныя матывы звальненьня.

(Дамасканаў: ) “Адміністрацыя музэю ня згодная. Мы лічым, што гутарка ідзе проста пра тое, каб людзям папсаваць нэрвы”, — заявіў спадар Дамасканаў.

Сама Марыя Багдановіч мяркуе іначай:

(Багдановіч: ) “Калі яны кажуць, што гэта жаданьне з майго боку іх патузаць, то кажуць таму, што ў іх няма аргумэнтаў па сутнасьці. Вось яны і абвінавачваюць мяне ва ўсіх грахах, якія толькі магчымыя. Падчас судовых працэсаў выкрываюцца парушэньні з боку адміністрацыі. І гэта вельмі важна. Я таксама хачу і ў вочы паглядзець гэтым людзям”.

Пра тое, што на Багдановіч быў палітычны ціск з боку адміністрацыі музэю, гаворыць і супрацоўнік музэю, дэпутат гарсавету Юрась Глушакоў:

(Глушакоў: ) “Гэта цалкам палітычная замова, і адміністрацыя ў размовах са мною, і Марыяй Багдановіч гэтага не хавала. Ставілася ўмова: ці мы прыпыняем усялякую палітычную і грамадзкую дзейнасьць — і тады, можа, нас пакінуць у спакоі, ці мы гэта працягваем і нас звальняюць, нягледзячы ні на законы, ні на рэальны стан нашай працы”.

Як мы паведамлялі, спадар Глушакоў, таксама аспрэчваў праз суд свае пакараньні, вынесеныя ў хуткім часе пасьля таго, як стаў дамагацца ад гарвыканкаму разам са спадарыняй Багдановіч дазволу на мітынг супраць падвышэньня камунальных плацяжоў.

Заўвагу, вынесеную Глушакову дырэкцыяй музэю, суд скасаваў. Адну з вымоваў, таксама за невыкананьне службовых абавязкаў, дырэктар музэю Аляксандар Алейнік адмяніў сам. Што да пазову Марыі Багдановіч да дырэкцыі музэю наконт пакараньня і звальненьня, то судзьдзя Жана Андрэйчык вырашыла працягнуць разьбіральніцтва на наступным тыдні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG