Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лідэра гарадзенскіх прадпрымальнікаў В.Леванеўскага маглі выпусьціць з калёніі, калі б ён пісьмова адмовіўся ад палітычнай барацьбы


Алег Грузьдзіловіч, Менск Нібыта такія прапановы Леванеўскі атрымаў ад розных прадстаўнікоў турэмнай адміністрацыі, пра што паведаміў сын палітвязьня Ўладзімер Леванеўскі, які сустракаўся з бацькам у калёніі.

Сёньня завяршылася двухдзённае спатканьне ў Івацэвіцкай калёніі лідэра гарадзенскіх прадпрымальнікаў Валера Леванеўскага з сынам Уладзімерам. Пасьля спатканьня Леванеўскі-малодшы распавёў “Свабодзе” падрабязнасьці. Паводле яго, Валер Леванеўскі перакананы, што ў калёніі ён не дачакаецца ня толькі амністыі, але і датэрміновага вызваленьня. Фармальна — таму, што ў яго былі парушэньні турэмнай дысцыпліны, але сам вязень лічыць, што справа ў ягонай палітычнай пазыцыі.

(Леванеўскі: ) “Яму шмат разоў казалі: калі адмовісься ад палітычнай барацьбы ды пісьмова гэта засьведчыш, то адразу здымем парушэньні, ты трапіш пад амністыю ды выйдзеш на волю”, — пераказвае Ўладзімер Леванеўскі словы бацькі.

Прозьвішчаў супрацоўнікаў адміністрацыі калёніі, якія рабілі такія прапановы, Валер Леванеўскі не назваў. Паводле сына вязьня, замест супрацоўніцтва з адміністрацыяй Валер Леванеўскі працягвае крытыкаваць хібы ў яе дзеяньнях. З гэтай прычыны ў яго ўзьнікаюць розныя праблемы, але ёсьць і перамогі. У прыватнасьці, нарэшце Леванеўскаму далі дазвол на стварэньне турэмнай бібліятэкі. Вязень разаслаў па розных адрасах просьбы дасылаць кнігі ў гэтую бібліятэку і ўжо атрымаў першыя пасылкі. Таксама ў адказ на скаргу Леванеўскага адміністрацыя абавязалася пабудаваць для зьняволеных спартовую пляцоўку. Апроч таго, пасьля ягонай скаргі адміністрацыя калёніі аднавіла працэдуру ўмоўна-датэрміновых вызваленьняў тых асуджаных, хто мае на гэта законнае права. З траўня, калі пачалі разглядаць справы аб амністыі, умоўна датэрміновыя вызваленьні спыніліся, але ніхто, акрамя Леванеўскага, супраць гэтага не пратэставаў.

Як адбіліся гэтыя спрэчкі на стаўленьні адміністрацыі да Валера Леванеўскага? “Прыкладам, абмежавалі колькасьць харчоў, якія можна атрымаць пасьля доўгатэрміновага спатканьня”, — паведаміў Леванеўскі-малодшы. Але галоўнае — абмежаваньні на працу. Леванеўскаму-старэйшаму гэтак і не далі працы ў прамысловай зоне калёніі, хаця ён валодае некалькімі рабочымі прафэсіямі, на якія там вялікі попыт. Чаму? Вось якой вэрсіяй падзяліўся Ўладзімер Леванеўскі:

(Леванеўскі: ) “Паводле бацькі, яму не даюць працы ў прамысловай зоне, бо ён можа патрабаваць выкананьня адміністрацыяй нормаў закону па ахове працы зьняволеных: тэхнікі бясьпекі, санітарных нормаў, правілаў налічэньня зарплаты”.

Цяпер Валер Леванеўскі працуе прыбіральшчыкам у мэдычнай частцы з заробкам усяго 9 тысяч рублёў на месяц. Больш як за год зьняволеньня ён накіраваў у розныя інстанцыі больш за 200 скаргаў. Тройчы трымаў галадоўкі пратэсту. Паводле зьвестак Уладзімера Леванеўскага, на 80% скаргаў бацька не атрымаў адказу, але працягвае сваю барацьбу.

* * * Валер Леванеўскі быў асуджаны на 2 гады зьняволеньня за паклёп на прэзыдэнта. Ва ўлётцы, якую ён распаўсюдзіў напярэдадні мітынгу прадпрымальнікаў, было напісана: “Прыйдзі і скажы, што ты супраць таго, каб нехта за твой кошт езьдзіў адпачываць у Аўстрыю, катацца на лыжах, жыць у сваё задавальненьне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG