Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цытаты мінулага - 15 ліпеня


Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Беларуская прэса за 15 ліпеня

“Беларус”, 1965 год:

“Старая беларуская эміграцыя, паза адзіночнымі выняткамі, аказалася страчанай для беларускай нацыянальнай справы. Але гэтае заданьне працягваньня рукі выконвалася ў дачыненьні да новай эміграцыі. “Беларус” стаўся тым ідэйным і культурным нацыянальным вязьмом, што задзіночвала расьцярушаную па паўночнаамэрыканскім кантынэньце новую эміграцыю й памагала трымаць яе ў ваднэй беларускай сям’і. Гэтае заданьне з кажным годам набірае штораз большае важнасьці”.

“Вечерний Минск”, 1985 год:

“На маляўнічых пагорках ракі Пціч (на поўнач ад вадасховішча) ствараецца Беларускі музэй нацыянальнай архітэктуры і побыту… Над будаўніцтвам музэю ўзялі шэфства менскія гаркам камсамолу і гарадзкі савет таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, камітэт камсамолу пэдагагічнага інстытуту імя А.М.Горкага і першасная арганізацыя Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры заводу імя У.І.Леніна… Будаўнічы студэнцкі атрад “Нашчадкі” бясплатна працаваў два сэзоны на тэрыторыі будучага музэю. На заробленыя імі грошы набыта, на іх жа пажаданьне, абсталяваньне маслабойкі коштам тысяча рублёў”.

“Свабода”, 1995 год:

“Па-першае, глядач абавязкова ўбачыць прэзыдэнта. Вось ён сустрэўся з замежнай дэлегацыяй, вось ён паехаў у нейкі горад і “гутарыць з народам”, вось ён дае інтэрвію і зноў штосьці энергічна абяцае, вось ён сам-насам вядзе перамовы з важным візіцёрам… Прэзыдэнт, прэзыдэнт, прэзыдэнт… У выніку, сярод шматгадзіннага вяшчаньня БТ пашчасьціць знайсьці тры-чатыры перадачы, якія можна глядзець зь некаторай цікавасьцю… Усё, што спрабуе ўзьняцца над сярэднім узроўнем, адразу і жорстка вынішчаецца, як гэта было з “Праспектам” Паўла Шарамета”.
XS
SM
MD
LG