Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйныя СМІ замоўчваюць IV Зьезд згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”


Сьвятлана Курс, Менск У Менску распачынаецца IV Зьезд згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”. Зьезд прывітала Старшыня Рады БНР Івонка Сурвілла. Афіцыйныя СМІ замоўчваюць IV Зьезд згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына”, хаця напярэдадні арганізатары праводзілі прэсавую канфэрэнцыю. Пасьля трыюмфальных вынікаў першага Зьезду беларусаў сьвету ўлады зразумелі, што палітычна адукаваная, пасьпяховая, дэмакратычна арыентаваная, нацыянальна сьвядомая дыяспара ёсьць несумнеўным лідэрам грамадзкай думкі, здольным кансалідаваць нацыю.

Неаднойчы афіцыйная прэса з апасеньнем пісала, што цяперашняя палітычная эліта краінаў Балтыі і Ўкраіны выкарыстоўвае досьвед і рэсурсы дыяспараў. Прэзыдэнты Летувы, Латвіі ўвогуле паходзяць з дыяспары. Менавіта таму беларускі ўрад імкнецца замаўчваць і ігнараваць дыяспару, і нават стварае ёй альтэрнатыўную, праўрадавую дыяспару ў краінах СНД, найперш у Расеі,, якую падтрымлівае фінансава й арганізацыйна.

Многія прадстаўнікі незалежнага беларускага грамадзтва выказваюць скептыцызм што да выніковасьці і эфэктыўнасьці зьезду. Вось некалькі думак. Філёзаф Алесь Анціпенка:

(Анціпенка:) “Я думаю, гэта хутчэй нейкае рытуальнае дзеяньне, бо беларуская эміграцыя ўяўляецца мне малаэфэктыўнай і слабой сілай. Я маю на ўвазе – як лябістаў і прамоўтэраў зьмены беларускай сытуацыі ў адпаведных урадах тых краінаў, дзе яны жывуць. Можа быць, за выняткам амэрыканскай беларускай дыяспары”.

Сьпявак Лявон Вольскі:

(Вольскі:) “Газэт мала чытаў у адпачынку, ня ведаю, хто прыехаў і што будзе абмяркоўвацца. Але, на жаль, такія рэчы звычайна нічога не мяняюць, проста людзі сустракаюцца, выпіваюць, размаўляюць”.

Філёзаф і мастацтвазнаўца Максім Жбанкоў.

(Жбанкоў:) “Ня маю веры ў тое, што зьезды нават самай шляхетнай каманды могуць нешта рашыць у гэтым сьвеце. Яны маюць сэнс як спроба дасягнуць паразуменьня нацыі. Што ж тычыцца нейкага палітычнага ці сацыяльна кантруктыўнага пляну – тут я трохі скептык”.

Падобную думку выказалі і ў беларускім ПЭН-цэнтры. Шмат хто нават ня чуў пра зьезд, замала, маўляў, пра яго пісалі ў незалежнай прэсе.

Гаворыць старшыня згуртаваньня беларусаў сьвету “Бацькаўшчына” Алена Макоўская.

(Макоўская: ) “Адно з галоўных рашэньняў – прыняцьце праграмы супрацоўніцтва беларускай дыяспары на 4 гады. Гэта рэальныя дзеяньні, рэальныя рашэньні – што нам разам рабіць?”.

Прадстаўнік літаратурнай плыні “Бум-Бам-Літ” Ільля Сін чакае ад эміграцыі падтрымкі незалежных культурніцкіх праектаў – у той час як беларуская дзяржава зьнішчае нацыянальную культуру.

(Сін:) “Эміграцыя кансалідуецца, яна ўтворыць рэальную сілу ў культурным жыцьці, калі яна будзе ладзіць нейкія менавіта свае праекты, як гэта было ва ўкраінскай эміграцыі ў савецкія часы, калі незалежная культура існавала, па сутнасьці, з рэсурсаў эміграцыі”.

Дэлегат Зьезду Язэпам Паўловічам, вядомым дзеячом беларускай дыяспары ў Нямеччыне.

(Курс:) “Гучыць думка, што беларуская дыяспара малаўплывовая, мае мала рэсурсаў, дрэнна арганізаваная, таму зьезд будзе малаэфэктыўны. Як бы Вы пракамэнтавалі такую думку?”

(Паўловіч:) “Для некаторых месцаў гэта слушна. Як слушна для ўсіх беларускіх рухаў. Мы сабраліся якраз для таго, каб паправіць гэты ганебны стан. Тэма Зьезду – “Дыяспара для Беларусі і Беларусь для дыяспары”. Як паставіць працу”.

Дырэктар Беларускага інстытуту навукі і мастацтва (БІНІМ) у Нью-Ёрку доктар Вітаўт Кіпель зазначыў:

(Кіпель:) “З такім паглядам панікёрскім я не згадзіўся б. Мы сабе паставілі пэўныя высокія стандарты і часам іх не дасягаем, але мы робім. У мяне было ўражаньне, што на Бацькаўшчыне людзі лічаць, што эмігранты могуць дапамагаць у працэсе здабыцьця нацыянальнай дзяржавы”.

На думку шмат каго з дэлегатаў Зьезду, беларуская дыяспара цяпер здольная выканаць тую ж ролю для нацыі, што выканалі ўкраінская й балтыйскія дыяспары для сваіх нацыяў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG